Мост праз Юрысдыку на вуліцы Філарэта (былая Горкага) ў Гродне чакае капітальны рамонт. У час яго там хочуць узмацніць або замяніць пралётнае збудаванне моста. Рух на ім рэкамендавалі абмежаваць пасля абследавання моста восенню 2023 года.
Цяперашні мост быў збудаваны ў 1993 годзе. Ён жалезабетонны, арачны, аднапралётны. Яго даўжыня — 59,44 м, шырыня праезнай часткі - 9,9 м, вышыня ад узроўню вады — 7,38 м.
На тое, што Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка шукала выканаўцу для стварэння перадпраектнай дакументацыі для капітальнага рамонту моста звярнуў увагу канал Urban Hrodna. За распрацоўку дакументацыі гатовы былі заплаціць 167,9 тыс. руб. Дакументы планавалі атрымаць і ўзгадніць ва ўсіх патрэбных інстанцыях цягам шасці месяцаў (з 8 траўня па 5 лістапада 2024 года). Першая закупка засталася няздзейсненай, зараз абвешчана новая.
У перадпраектнай дакументацыі трэба будзе прапрацаваць варыянты рэканструкцыі, вызначыць яе кошт і палічыць перспектыўную інтэнсіўнасць транспартнага руху. Сродкі на распрацоўку дакументаў планавалі ўзяць з гарадскога бюджэту. Рамонт моста збіраліся завяршыць у 2025 годзе.
Рух трэба абмежаваць. Што не так з мостам?
Дэтальнае абследаванне моста правялі восенню 2023 года. Яго зрабіла УП «Будрэканструкцыя». Дакумент з вынікамі абследавання быў размешчаны ў дзяржзакупцы: на яго аснове варта рабіць перадпраектную дакументацыю.
У час абследавання знайшлі дэфекты і пашкоджанні розных частак моста і зрабілі высновы, што аўтамабільны рух па мосце трэба абмежаваць да іх ліквідацыі.
Сярод дэфектаў, якія выявілі на паверхні моста:
- адсутнасць гарызантальнай дарожнай разметкі палос бяспекі, а дарожная агароджа злева недастатковай вышыні;
- надта тоўсты пласт маставога палатна — нельга класці новыя пласты без прыбірання старых;
- на ходніках прасела пакрыццё, ёсць ямы, вада збіраецца там і на праезнай частцы, месцамі разбурана плітка;
- расколіны на пакрыцці праезнай часткі;
- негерметычныя дэфармацыйныя швы, парушэнне гідраізаляцыі;
- скідванне вады на фасады моста, праз што цярпяць фасадныя аркі і дэкаратыўныя сценкі;
- расколіны да 5 мм у дэкаратыўных парапетах і іх разбурэнне;
- парэнчы лесвіцы надта нізкія і пакрыты карозіяй, бетон пашкоджаны.
У бэльках, якія з’яўляюцца нясучымі канструкцыямі для праезнай часткі, таксама знайшлі праблемы:
- сколы, замшэласць, сталактыты, расколіны ў рэбрах бэлек да 0,3−0,9 мм;
- агаленне і карозія арматуры;
- размарожванне бетону рэбраў каля апораў;
- працяканне вады па маналітным стыку пліт бэлек, праз зборныя накладныя пліты па краях пралётаў, праз мантажныя адтуліны;
- карозія сталёвых куткоў узмацнення апорных участкаў, разбурэнні ў вузле абапірання бэлек;
- зрушэнне восяў абапірання бэлек і іншае.
Самі апорныя часткі дэфармаваныя, іх зуб'і нахіленыя і судакранаюцца. На апорах сабралася смецце, таксама сапсаваўся бетон і аголеная арматура. На апорах праезнай часткі - расколіны 0,3 мм і больш, замшэласці, сколы, працякае вада, аголеная арматура.
Адхоны рэчышча Юрысдыкі зруйнаваліся, адхоны насыпу і грунт пад апорамі размываюцца. Дэкаратыўныя сценкі ўнізе моста мокнуць, на іх утварыліся сталактыты, грунт пад імі размыла, утварыліся трэшчыны да 10 мм. Пад мостам засталіся рэшткі разбураных канструкцый. У бетонным кальцы праёму з’явілася расколіна да 0,5 мм.
Выявілася, што трываласць бетону канструкцый арак збудавання не адпавядае вызначанай у сучасных нарматывах.
Нагрузку на мост ужо трэба зменшыць
Пасля абследавання рэкамендавалі не пазней як да канца 2023 года абмежаваць нагрузку на мост — забараніць праязджаць па ім транспарту вагой больш за 12 тон і зменшыць максімальную хуткасць на ім да 30 км/г.
Таксама для змяншэння нагрузкі рэкамендавалі арганізаваць рух транспарту па спецыяльна выдзеленай паласе шырынёй 7 м, зрушанай да левай агароджы, а рух пешаходаў скіраваць па правым тратуары і па спецыяльна выдзеленай паласе шырынёй у 2 м, зрушанай да праезнай часткі на левым тратуары. Клумбу злева параілі прыбраць.
На мосце нельга дапускаць скапленні людзей у час масавых мерапрыемстваў, а стан апорных канструкцый праезнай часткі збудавання трэба кантраляваць раз на месяц.
Рэкамендаваныя абмежаванні сапраўды ўвялі ў канцы 2023 года — тады патлумачылі, што для маніторынгу.
Мост адрамантаваць, дрэвы — высекчы
Абследаванне паказала, што мосту патрэбны капітальны рамонт. У час яго належыць як мінімум:
- пераўладкаваць з улікам сучасных нормаў маставое палатно, засыпанне арачнага пралётнага збудавання і спалучэнне моста з падыходамі;
- узмацніць ці замяніць бэлькі праезнай часткі;
- уладкаваць маналітную накладную пліту ўзмацнення і вынесці дэфармацыйныя швы за асновы;
- замяніць усе апорныя часткі;
- адрамантаваць апорныя канструкцыі праезнай часткі, аркі пралётнага збудавання і рэчышча ракі пад мостам;
- узмацніць ці перабудаваць дэкаратыўныя сцены моста;
- адрамантаваць гідраізаляцыю, ачысціць і пафарбаваць паверхні;
- прыбраць з падмоставай прасторы разбураныя канструкцыі, спланаваць і ўмацаваць там адхоны.
Таксама рэкамендавана высекчы ўсю расліннасць ў межах 50 м ад моста і ачысціць падмоставую зону, каб вада вальней праходзіла пры паводках.
Чытайце таксама: