Каб атрымаць карту паляка, некаторыя грамадзяне Беларусі звяртаюцца ў суд. Там яны просяць памяняць нацыянальнасць продкаў у дакументах. Галоўны доказ таго, што тыя былі палякамі - наведванне касцёла, святкаванне каталіцкіх святаў і захаванне рэлігійных традыцый. Тэндэнцыю заўважыў Katolik.life.
Многія жыхары Беларусі звяртаюцца ў суды з грамадзянскімі іскамі, каб унесці змены ў пасведчанні аб нараджэнні продкаў, і просяць указаць у дакументах нацыянальнасць «паляк» ці «полька», піша каталіцкі партал. На думку рэдакцыі, яны робяць гэта, каб атрымаць карту паляка і спрасціць сабе эміграцыю.
Партал знайшоў у банку судовых рашэнняў за 2023 і першыя месяцы 2024 года дзясяткі такіх спраў. У паказаннях пазоўнікі абгрунтоўваюць польскае паходжанне бацькоў, дзядуляў і бабуль тым, што тыя былі каталікамі.
У сакавіку 2024 года суд Смаргонскага раёна разглядаў скаргу мясцовай жыхаркі на адмову аддзела ЗАГС унесці дапаўненні ў запіс акта грамадзянскага стану. Справа ў тым, што ў пасведчанні аб нараджэнні ўвогуле не была пазначана нацыянальнасць бацькоў.
Вось вытрымка з пастановы суда:
«Сям'я заўсёды спавядала каталіцкую рэлігію, заўсёды лічылі сябе палякамі па нацыянальнасці, у сям'і выконвалі каталіцкія традыцыі, адзначалі каталіцкія святы, бацькі і дзеці ведалі польскую мову і маглі размаўляць на ёй. Шлюб паміж бацькамі быў зарэгістраваны паводле рэлігійнага каталіцкага абраду ў касцёле».
У некаторых справах заяўнікі просяць памяняць у пасведчанні аб нараджэнні нацыянальнасць «беларус» на «паляк». Прыклад з Лельчыцкага раёна:
«Пры рэгістрацыі нараджэння ў кнігу запісу актаў грамадзянскага стану была дапушчана памылка: замест нацыянальнасці маці полька, пазначана беларуска. Аддзел ЗАГС адмовіў заяўніку вызначыць няправільнасць запісу аб нараджэнні і ўнесці адпаведнае выпраўленне ў кнігу актаў грамадзянскага стану».
Доказы ў заяўніка падобныя:
«Дзед і бабка бралі шлюб у касцёле, маці, а таксама яе браты і сёстры да вайны вучыліся ў польскай школе. Усе яны жылі ў традыцыях польскай культуры, захоўвалі ўсе каталіцкія святы, наведвалі касцёл, размаўлялі паміж сабой і чыталі малітвы на польскай мове».
Часам заяўнікі і не хаваюць, для чаго ім патрэбны «польскія карані». Суд Бабруйскага раёна разглядаў іск аб устанаўленні факта роднасных адносін заяўніцы з дзедам і ўказанні яго нацыянальнасці як паляка.
«Заяўнік збірае дакументы для звароту па карту паляка. Яна павінна пацвердзіць той факт, што нехта з яе сваякоў (у тым ліку дзядуля) па нацыянальнасці палякі. Атрыманне карты паляка ёй неабходна для атрымання адукацыі», — сказана ў вызначэнні суда.
Заяўніца сцвярджае, што пры аднаўленні дакументаў пасля Другой сусветнай вайны інфармацыя ў дакументах аб імені і нацыянальнасці дзядулі былі пазначаны няправільна: «Магчыма, з-за гістарычных падзей дзядуля быў вымушаны змяніць імя і схаваць сваю нацыянальнасць».
Чытайце таксама: Стала вядома, колькі чалавек у Гродзенскай вобласці паведамілі сілавікам аб замежным грамадзянстве, ВНЖ або карце паляка
Аналіз судовых рашэнняў, які правёў Katolik.life, паказвае, што ў большасці выпадкаў суды згаджаюцца з довадамі заяўнікаў і вырашаюць змяніць у дакументах звесткі аб нацыянальнасці.
Katolik.life адзначае, што на пачатку і сярэдзіне XX стагоддзя ў Беларусі не было малітоўнікаў на беларускай мове, богаслужэнні праводзіліся на польскай і лацінскай мовах, а не па-беларуску. У запісах аб нараджэнні нацыянальнасць часта пазначалі па прынцыпе канфесіі — католікаў запісвалі палякамі, для многіх польская была сакральнай мовай — мовай набажэнстваў.
Чытайце таксама: Супрацоўнікаў «Азота» прымушаюць пазбавіцца карты паляка
Карта паляка — гэта дакумент, які пацвярджае прыналежнасць асобы да польскага народу. Карта паляка не дае іншаземцу польскае грамадзянства, права часовага знаходжання або пастаяннага пражывання ў Польшчы ці права перасячэння польскай мяжы без візы. Але карта паляка дае права бясплатна атрымліваць гадавыя нацыянальныя візы, права легальна працаваць і навучацца ў Польшчы, займацца прадпрымальніцтвам на тэрыторыі Польшчы на роўных умовах з грамадзянамі краіны, дае зніжкі на чыгуначныя квіткі і дазваляе бясплатна наведваць дзяржаўныя музеі ў Польшчы, карыстацца экстранай медыцынай.
Польшча выдае карту паляка грамадзянам былых савецкіх рэспублік з 2008 года. З 2019 года яе могуць атрымаць грамадзяне любой краіны свету. У Беларусі польскія консульствы выдалі каля 160 тысяч карт паляка. Гэта самая вялікая колькасць у параўнанні з іншымі краінамі свету і прыкладна палова ад усіх выдадзеных карт.
Беларускія ўлады крытыкуюць карту паляка ад самога яе з’яўлення. У лютым 2011 года ўступілі ў сілу папраўкі ў закон «Аб дзяржаўнай службе». Яны забаранілі чыноўнікам і сілавікам карыстацца картай паляка, а таксама аналагічнымі дакументамі, якія даюць іншыя краіны. У красавіку 2011 года карту паляка забаранілі мець дэпутатам парламента. У 2015 годзе ў гэты спіс унеслі дэпутатаў мясцовых саветаў.
Асабліва моцна крытыкаваць карту паляка пачалі беларускія прапагандысты, сілавікі і чыноўнікі пасля выбараў і пратэстаў 2020 года. Яны казалі пра «апалячванне насельніцтва», «насаджэнне польскага права і традыцый», называлі карту паляка «элементам падрыўной дзейнасці Варшавы».
У траўні 2023 уладальнікаў карт паляка, якія працуюць ва ўстановах адукацыі Ліды, пачалі выклікаць да кіраўніцтва і патрабаваць адмовіцца ад карты, пагражаючы звальненнем. Таксама ўладальнікам карты паляка абяцалі, што яны могуць і не марыць пра прасоўванне па кар’ернай лесвіцы.
У ліпені 2023 супрацоўнікі КДБ пачалі прыходзіць на «Гродна Азот» і выклікаць на размовы ўладальнікаў карты. Ім прапаноўвалі афіцыйна вярнуць дакумент у консульства альбо аддаць яго ў рукі кдбшніка.
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…