У Гродне на акарыцыдную апрацоўку зон адпачынку сёлета плануюць выдаткаваць амаль 53 тыс. рублёў (€ 15,2 тыс.). Агулам ад кляшчоў плануюць апрацаваць 75,8 га.
Апрацоўку тэрыторый плануюць праводзіць з 3 траўня па 30 верасня 2024 года. Пакуль працэдура дзяржзакупкі не адбылася, але звычайна такой апрацоўкай займаецца Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Якія тэрыторыі апрацуюць ад кляшчоў у Гродне:
- урочышча «Пышкі» (сцежка здароўя);
- лесапарк «Румлёва»;
- урочышча «Ласосна»;
- лясны масіў на вуліцах Томіна і Славінскага;
- лясны масіў на вуліцы Кабяка (урочышча «Форт»);
- Каложскі парк;
- зона адпачынку Альшанка (сквер каля школы № 39);
- возера Юбілейнае і прылягаючыя масівы;
- парк Жылібера;
- сквер у мікрараёне Фолюш.
Кляшчы прачнуліся яшчэ ў лютым
Першы выпадак прысмоктвання кляшча ў 2024 годзе зарэгістравалі 26 лютага ў мікрараёне «Баранавічы». Зараз кляшчы актыўныя на тэрыторыі прыродных ландшафтаў, якія добра прагравае сонца, — пустырах, лужках, узлесках.
Расклад актыўнасці іксодавых кляшчоў можа выглядаць так:
- сакавік — красавік — нізкая;
- травень — сярэдзіна чэрвеня — высокая;
- ліпень — жнівень — сярэдняя;
- верасень — кастрычнік — нізкая.
Чытайце таксама: У Гродне ўжо прачнуліся кляшчы. Але да медыкаў з іх укусамі звяртаецца ўсё менш чалавек