Шматфункцыянальныя спартыўныя пляцоўкі з’явяцца на турбазе «Хімік» пад Гродна да 28 чэрвеня. Там можна будзе пагуляць у гульні ад валейбола да тэніса, заняцца воркаўтам або скалалажаннем. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, што з’явіцца на турбазе.
Шматфункцыянальныя спартыўныя пляцоўкі
Першая пляцоўка ўключае ў сябе корт для тэніса і чатыры корта для піклбола (від спорту, які спалучае ў сабе элементы бадмінтона, тэніса і настольнага тэніса). Таксама будуць гульнявыя пляцоўкі для валейбола, баскетбола і міні-футбола. Пакрыццё будзе мець антыкоўзскі малюнак, каб гульцы не траўмаваліся.
Адкрытая спартыўная пляцоўка для воркаўта
Для яе закупляюць рукаход, комплекс з трох турнікаў, шведскай сценкі і двух нахільных лавачак для прэса. Таксама будзе комплекс для воркаўта са стойкай для баскетбольнага кальца і навяснымі гімнастычнымі кольцамі. Пляцоўка ўключае таксама скаладром з пяці секцый, брусы і воркаўт-комплекс.
Апорныя слупы скаладрома ўсталююць на адлегласці прыкладна 1,2 м адзін ад аднаго. Вышыня слупоў - не менш за 2,6 м над паверхняй зямлі. Палатно скаладрома будзе выканана з драўнянай пліты з насычэннем.
Спартыўная пляцоўка з вулічнымі сілавымі трэнажорамі з навесам
Тут будуць трэнажоры:
- жым лежачы/адцісканне ад брусаў,
- цяга верхняя/жым плечавы,
- станавая цяга/цяга ў нахіле,
- жым нагамі/трэнажор прысяданняў,
- прэс/гіперэкстэнзія.
На зямлі будзе поліўрэтанавая гумавая плітка.
Пляцоўка для правядзення мерапрыемстваў на адкрытым паветры пад шатром
На ёй усталююць стойкі ценявога падстрэшка, выбрукуюць пакрыццё пліткай і ўсталююць тратуарны бардзюр.
«Гродна Азот» — уладальнік турбазы — купляе іх за ўласныя сродкі. Агульны кошт трэнажораў - 690 000 рублёў.
Турыстычная база «Хімік» размешчана за 40 км ад Гродна на беразе возера Белае. Заехаць сюды можна па пуцёўцы, арандаваць домік або альтанку або правесці карпаратыў.
Чытайце таксама: У Гродне прадаюць «Джунглі-парк» у Пышках. Колькі каштуе база адпачынку на Сцежцы здароўя?