Сіёры зайшла, павіталася па-беларуску і пачала рабіць з намі папяровых птушак. Ніхто не заўважыў нічога незвычайнага — яе беларуская мова была без акцэнту і цікавілася яна беларускай культурай і асяроддзем. У канцы яна сказала: «Я прыляцела да вас з Японіі» — і пачаставала нас японскімі цукеркамі.
Карэспандэнтка Hrodna.life пазнаёмілася з беларускамоўнай японкай Сіёры Кіёсава, калі беластоцкія беларусы рыхтаваліся ў хабе «Новая зямля» да гукання вясны.
«Я прыляцела сёння і адразу прыехала ў Беласток, — расказала Сіёры. — Мяне цікавяць беларусы, якія працуюць, стараюцца захаваць сваю культуру, мову, гісторыю. Я была ў Мінску, Вільні, Варшаве — і мне параілі завітаць да Беластока. Сказалі, што тут я змагу знайсці ўсё, чым цікаўлюся».
Сітуацыя ў Беларусі - цікавая з пункту гледжання лінгвістыкі
Адкуль яна так добра ведае беларускую мову? Сіёры кажа, што гэта «не вельмі цікавая гісторыя».
«Спачатку мой навуковы кіраўнік ва ўніверсітэце параіў мне паглядзець на моўную сітуацыю ў Беларусі. Ён мне распавёў пра Беларусь, сказаў што ёсць беларусы і беларуская мова, але не вельмі шмат людзей на ёй там размаўляюць. Гэта вельмі цікавая сітуацыя з пункту гледжання лінгвістыкі».
Сіёры вучылася ва ўніверсітэце Хакаі-Гакуэн (Hokkai Gakuen) у Сапара. Універсітэт заключыў дагавор з мінскім БДУ аб абмене студэнтаў - і ў дзяўчыны атрымалася стажыравацца год у Мінску. Там яна змагла вучыць беларускую мову паралельна з расійскай.
«Падчас стажыроўкі я наведвала шмат беларускіх імпрэз. І мне вельмі спадабаліся людзі i іх крэатыўнасць. Я яшчэ больш зацікавілася беларускай культурай і мовай, стала шмат чытаць. Чатыры гады таму я абараніла сваю доктарскую дысертацыю пра моўную палітыку і моўную сітуацыю ў Беларусі».
У Гродне — прыгожыя касцёл і сінагога
Пасля стажыроўкі Сіёры яшчэ шмат разоў прыязджала ў Беларусь. Яна і зараз ахвотна ўзгадвае Мінск.
«Мне вельмі падабалася „Кнігарня Ў“, але зараз, кажуць, яе ўжо няма. Я вельмі любіла яе наведваць, мне падабаліся імпрэзы ў ёй. Яшчэ мне вельмі падабаецца Вязынка, яна знаходзіцца блізка да Мінска. Я там была некалькі разоў на культурных імпрэзах, вельмі памятаю „Гуканне вясны“».
На «Гуканне» Сіёры акурат і патрапіла ў Беласток. На наступны дзень пасля яе прыезду беларусы ладзілі менавіта гэта свята ў самым цэнтры горада.
Акрамя Мінска і Вязынкі, японка наведвала таксама Віцебск і Гродна. А ў замежжы яна шукала беларусаў, акрамя Беластока, яшчэ ў Вільні.
«У Гародні стары вялікі прыгожы касцёл. Яшчэ паглядзела там сінагогу. І ўвогуле горад вельмі прыгожы. І атмасфера там спакойная. Горад такі еўрапейскі. Мне вельмі спадабаўся».
Японскіх студэнтаў зацікавіла беларуская мова
Сіёры — не адзіная японка, якая цікавіцца беларускай культурай і мовай. Яна два гады выкладае ў прыватным універсітэце Дзёці ў Японіі - там арганізавалі курс па беларускай і польскай мовах.
«Спачатку я думала, што да мяне прыйдуць максімум чалавек дзесяць. Але на мой курс ходзіць каля 30 чалавек. Я здзіўлена, але гэта праўда. Ёсць студэнты, якія хочуць ведаць беларускую мову і хочуць больш ведаць аб беларускай культуры. Таму я зараз шмат чытаю і наведваю беларускіх мясцін, каб адказваць на пытанні сваіх студэнтаў».
Яшчэ ў 2016 Сіёры Кіёсава ў суаўтарстве з дацэнтам БДУ Таццянай Рамзай выпусціла першы падручнік беларускай мовы для японцаў пад назвай «Спрабуйма! Азнаямляльна-пачатковы курс беларускай мовы для японцаў».
«Каб маглі жыць, як хочуць»
Сіёры правяла ў Беластоку тры дні, паспела сустрэцца з беларускай меншасцю, пашукаць па горадзе шыльды на беларускай мове, прыняць удзел у культурным жыцці беларускай дыяспары — і паехала на канферэнцыю ў Варшаву.
— Чаго б ты пажадала беларусам, якія жывуць зараз у Беларусі, Сіёры?
— Каб яны маглі жыць, як яны хочуць. Гэта самае галоўнае жаданне.
Таццяна Савіч
Матэрыял падрыхтаваны навучэнкай курса «Медыяшкола 2.0» у Беластоку.