У Mark Formelle выйшла новая калекцыя хатняга адзення – à la Bakst. У ёй выкарысталі прынты на аснове работ мастака з сусветным імем – Льва Бакста, ураджэнца Гродна.

Бакст зрабіў уплыў на свет моды яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя, нагадаў беларускі брэнд у сваіх сацсетках. Для новай калекцыі стварылі яркія прынты “з персідскім каларытам”. Кошты на камплекты з шортаў з жакетам – 60-70 руб., штаноў з жакетам – 90 руб.

Калекцыя à la Bakst стала часткай калекцыі Art U Wear, заснаванай на працах ілюстратараў і пераасэнсаванні прац вядомых сусветных мастакоў.

Леў (Ляон) Самойлавіч Бакст (сапраўднае імя – Лейб-Хаім Ізраілевіч Розенберг) – мастак-мадэрніст, сцэнограф, ілюстратар і дызайнер. Нарадзіўся ў артадаксальнай яўрэйскай сям’і ў Гродне ў 1866 годзе. Вучыўся ў акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. Працаваў у асноўным у Санкт-Пецярбургу і Парыжы. Выкладаў у прыватнай мастацкай школе Званцавай у Санкт-Пецярбургу, адным з вучняў быў Марк Шагал. Майстар станковага жывапісу і тэатральнай графікі, аўтар дэкарацый і касцюмаў для балетаў Сяргея Дзягілева «Шэхеразада» (1910), «Дафніс і Хлоя» (1912), «Жартаўніцы» (1917) і іншых.

У пачатку 1910-х заняўся стварэннем мадэляў адзення. У 1914 годзе ў Парыжы атрымаў вышэйшую ўзнагароду Францыі – Ордэн Ганаровага Легіёна (другі раз – у 1924 годзе), у Санкт-Пецярбургу – званне акадэміка ў Акадэміі мастацтваў. Пры гэтым у пададзеным прашэнні аб праве пражываць у Пецярбургу яму адмовілі з-за таго, што ён быў яўрэй. Памёр у Парыжы ў 1924 годзе. У Гродне ў яго гонар названа адна з вуліц у мікрараёне Паўднёвы і рэстаран “Бакст”.