«Кіберпартызаны» 17 красавіка правялі атаку на сайт «Гродна Азот». Па іх сцвярджэнні, яны зашыфравалі дакументы, знішчылі некаторыя з іх і парушылі працу цэха. Свае дзеянні яны патлумачылі ціскам кіраўніцтва на падначаленых. Прадпрыемства пракаментавала сітуацыю.
Па версіі «Кіберпартызан», яны:
- зашыфравалі ўнутраную пошту, дакументаабарот і сотні працоўных ПК,
- знішчылі бэкапы баз дадзеных, сервераў, пошты, дакументазвароту,
- цзламалі сістэмы аховы і камеры назірання,
- парушылі працу кацельнага цэха.
«З 2020 года кіраўніцтва Гродна Азот удзельнічае ў здзеках, ціску і палітычных рэпрэсіях у дачыненні да супрацоўнікаў прадпрыемства. Мы не забыліся карныя рэйды, даносы і масавыя звальненні. Цяпер ваша чарга расплачвацца», — паведамілі «Кіберпартызаны».
Актывісты для аднаўлення дадзеных заклікаюць вызваліць усіх палітвязняў з ліку супрацоўнікаў «Гродна Азот» і 75 палітвязняў з найгоршым станам здароўя. Яны папярэджваюць, што стаўкі могуць быць яшчэ вышэйшымі.
Што адказаў «Гродна Азот»?
Кібератаку прадпрыемства назвала «спробай дэстабілізацыі працы прадпрыемства». Яны прызналі, што актывісты хацелі парушыць файлавую сістэмы на асобных рэсурсах. Па іх сцвярджэнні, спецыялісты «Гродна Азот» аператыўна адрэагавалі і ўзмацнілі абарону сеткі. На вытворчай дзейнасці сітуацыя не адбілася.
Сайт «Гродна Азот» пакуль недаступны.
Чытайце таксама: На «Гродна Азот» звальняюць за здымку на тэрыторыі прадпрыемства