Сілавікі выступілі на аператыўнай нарадзе на «Гродна Азот». Яны расказалі супрацоўнікам прадпрыемства пра недапушчальнасць падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы і пра заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, паведаміла прэс-служба «Гродна Азот».
Прадстаўнікі Упраўлення ўнутраных спраў Кастрычніцкага раёна Гродна — першы намеснік начальніка Вячаслаў Дземідовіч і намеснік кіраўніка міліцыі грамадскай бяспекі Аляксей Вайцешка — расказалі, што «наборы інструментаў і тэхналогій», якімі валодаюць спецыялісты адпаведных ведамстваў, здольныя дакладна высветліць час апошняй актыўнасці і асобу ўладальніка профілю.
Сыходзячы з гэтага, на думку сілавікоў, штраф да 30 базавых велічынь і канфіскацыя тэлефона — гэта адказнасць самога падпісчыка. Яны параілі супрацоўнікам «Азота» кантраляваць стужку сяброў і суполак, а таксама аднавіць доступ да закінутых акаўнтаў.
Чытайце таксама: За хабар у $ 7000 і бутэльку каньяку асудзілі дырэктара «АзотРэмБуд»
«Гродна Азот» пад санкцыямі з 2021 года
Прадпрыемства «Гродна Азот» патрапіла пад санкцыі ЗША ў красавіку 2021 года. У жніўні пад амерыканскія санкцыі патрапіў дырэктар «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка. У снежні 2021 года прадпрыемства патрапіла ў пяты пакет санкцый Еўрасаюза.
У студзені 2022 года «Гродна Азот» накіраваў зварот у прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі працы для краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Маскву. Праз яго прадпрыемства патрабавала адмяніць санкцыі, тлумачачы, што ў выніку абмежаванняў «Гродна Азот» можа стаць пагрозай для рэгіёна, у тым ліку памежным тэрыторыям сумежных дзяржаў. Таксама прадпрыемства накіравала ліст у генеральны сакратарыят Еўрасаюза па пытанні санкцый. У лютым стала вядома, што Еўрапейскі суд не адмяніў абмежаванні.
Чытайце таксама: На «Гродна Азот» шукаюць 140 супрацоўнікаў - у тым ліку начальнікаў