Кнігу «Недазволеная памяць: Заходняя Беларусь у дакументах і фактах: 1921−1945» Аляксандра Татарэнкі ўнеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэнне аб унясенні кнігі ў спіс прыняў суд Баранавіцкага раёна 5 красавіка 2024. Гэта не першая кніга Татарэнкі, якую прызналі «экстрэмісцкай».
Пра што кніга «Недазволеная памяць»
Кніга выйшла ў 2006 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў серыі «Белыя плямы беларускай трагедыі». «Недазволеная памяць» ахоплівае гісторыю Заходняй Беларусі з 1921 па 1954 гады, тэкст базуецца на архіўных здымках і дакументах.
У прадмове аўтар адзначае, што кніга — спроба рэанімаваць гістарычную памяць і «пераадолець адназначнасць у ацэнцы падзей, якія адбыліся ў Беларусі, і ў прыватнасці ў Баранавіцкай вобласці ў 20−50-я гады XX стагоддзя». Сярод іншага, аўтар разглядае такія вынікі аб’яднання, як рэпрэсіі, масавыя дэпартацыі насельніцтва, прымусовая калектывізацыя, саветызацыя грамадства. Закранае Татарэнка і складаныя тэмы дзейнасці беларускіх арганізацый пад нямецкай акупацыяй і супрацоўніцтва беларускіх дзеячоў з акупацыйнымі ўладамі.
Азнаёміцца са зместам кнігі (у фармаце pdf) можна па спасылцы. Не захоўвайце яе на сваёй прыладзе, калі знаходзіцеся ў Беларусі, бо за гэта прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне.
Аб аўтары: скончыў ваеннае вучылішча, служыў у Камітэце па арганізаванай злачыннасці, напісаў яшчэ адну «экстрэмісцкую» кнігу
Аляксандр Татарэнка нарадзіўся ў 1963 годзе ў Лідзе, выхоўваўся ў дзіцячых дамах. Пасля заканчэння Ленінградскага вышэйшага ваеннага вучылішча імя Андропава ў 1984 годзе служыў ва Узброеных сілах СССР. Пазней, да 2000 года, быў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах у Камітэце па арганізаванай злачыннасці і карупцыі пры МУС РБ. Гэта структура, якая ў 2004 годзе была ператворана ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе ў арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй — сумнавядомы сёння ГУБАЗіК, адказны за масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.
З 2001 года пачаў публікаваць матэрыялы, у якіх даследаваў нямецкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі.
У 2017 годзе Татарэнка выдаў кнігу «Горкія гады: Трагедыя Заходняй Беларусі 1944−1954». Яе прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі 6 снежня 2023 года той жа суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна.
Якія яшчэ гістарычныя кнігі пра Заходнюю Беларусь прызнавалі «экстрэмісцкімі»
У студзені 2023 года ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі кнігу «Вызваленыя і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939−1941 у дакументах беларускіх архіваў». Гэта зборнік дакументаў з беларускіх архіваў, якія распавядаюць пра падзеі верасня 1939 года, пра палітыку «першых Саветаў» у Заходняй Беларусі і пра адносіны людзей да гэтай палітыкі. Кніга выйшла ў 2021 годзе пры дапамозе Цэнтра польска-расійскага дыялогу і ўзаемапавагі.
Рэдакцыя Hrodna.life склала спіс кніг, якія забароненыя ў Беларусі. Пасля 2020 года ў краіне пад забарону і абмежаванні трапілі каля 20 кніг. Іх забаранялі за апісанне аднаполых адносін, па просьбе праўладных актывістаў і пасля прызнання экстрэмісцкімі.