Прапагандыстка Ксенія Лебедзева прывезла салдатам расійскага боку на Данбас «літаратуру» ад «гродзенскага прыходу» і лісты ад дзяцей з Гродна. Паводле яе слоў, гэтую дапамогу РФ сабрала ігумення Гаўрыіла (Марыя Глухава), настаяцельніца жаночага Свята-Раства-Багародзіцкага манастыра ў Гродне.
Супрацоўніца беларускага дзяржтэлебачання Ксенія Лебедзева ў сваім канале апублікавала відэа, на якім яна перадае салдатам стос каробак. Паводле яе слоў, там слодычы і іншыя рэчы, якія «перадалі беларусы». Гэта прадукты, шакалад, генератар, абязбольвальныя, напісана ў пасце.
«Матушка Гаўрыіла і гродзенская парафія перадалі літаратуру, усё гэта сабрала Гродзенская вобласць», — кажа Лебедзева.
У руках яна трымае пачак лістоў - паводле яе слоў, ад дзяцей. Адзін з іх нібы пачынаецца словамі:
«Ты не муж мне, не брат, але сваякоў у сто разоў
Тых, каго называю „Сям'я“.
Ты не муж мне, не брат, ты — расійскі салдат».
Гэта пачатак верша «Ліст салдату», апублікаванага ў верасні 2022 года на сайце Стихи.ру пад аўтарствам Ксюшы Зарэцкай. На сайце liveinternet.ru у студзені 2024 года яно фігуруе ўжо як «Верш манахіні Феадосіі з Сольбінскага манастыра». Таксама яно сустракаецца без імя аўтара на розных расійскіх сайтах і «патрыятычных» пабліках.
Таксама Лебедзева паказвае малюнкі, якія, паводле яе слоў, намалявалі дзеці з Гродна. Яны павінны «папоўніць калекцыю» салдат. Дзеці - з нядзельнай школы, напісана ў пасце.
У руках у Лебедзевай быў і ліст ад самой Гаўрыілы ў мінімум двух экзэмплярах, раздрукаванае Евангелле, у пакеце — абразкі і абязбольвальныя. Апошнія салдат вельмі парадавалі.
У аддзяленні, куды прыехала Лебедзева, служыў беларус Сяргей Ланавенка. «Таму стараемся несці шэфства і дапамагаць, як можам», — сказала Лебедзева.
Усё сабрала Гродзенская вобласць?
Вядома, некаторыя беларускія манастыры перадаюць дапамогу салдатам РФ і актыўна падтрымліваюць Расію: гэта Свята-Елісавецінскі, Лаўрышаўскі і Жыровіцкі манастыры. Усе яны падпарадкоўваюцца Беларускай праваслаўнай царкве, якая, у сваю чаргу — Рускай праваслаўнай царкве.
Гаўрыіла — настаяцельніца манастыра, наўпрост падпарадкаванага асабіста Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Веніяміну, адзначае канал «Хрысціянская візія». Праз гэта манастыр непадсправаздачны мясцовым царкоўным уладам, гэта значыць Гродзенскай дыяцэзіі.
«Удзел Свята-Пакроўскага сабора — гэта ўжо новы ўзровень уцягнутасці структур БПЦ у падтрымку расійскага акупацыйнага войска. Калі дзеці, прыхаджане праваслаўнага храма, грамадзяне трэцяй краіны, рукамі настаўнікаў нядзельнай школы і іх „духоўных начальнікаў“ проста накіроўваюцца на шлях апраўдання захопніцкай вайны і сімпатыі да акупантаў», — лічаць аўтары канала.
Хто такая Гаўрыіла?
Ігумення Гаўрыіла (Марыя Мікалаеўна Глухава) нарадзілася ў Саратаве, скончыла школу ў Жыровічах, вучылася ў Ленінградзе. У 1988 годзе прыняла манаства, працавала ў Іерусаліме і Маскве, з 1992 года кіруе жаночым Свята-Раства-Багародзіцкім манастыром у Гродне.
Вядомая сваёй падтрымкай Лукашэнкі і прарасійскімі поглядамі і нянавісцю да ўсяго заходняга.
Асаблівую вядомасць ігумення Гаўрыіла набыла восенню 2020 года. Спачатку яна назвала пратэстоўцаў «раз'юшаным статкам», а затым прынесла ў падарунак гродзенскаму АМАПу і міліцыі торты. Пасле гэтага яе ўзнагародзілі ордэнам Францыска Скарыны, уручылі найвышэйшую жаночую узнагароду Рускай праваслаўнай царквы і нават занеслі ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці. Гаўрыіла прапаноўвала забіраць у манастыр дзяцей, чые бацькі былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў.