Доктар гістарычных навук, прафесар з Гродна Аляксандр Краўцэвіч разам са сваёй дачкой Юляй Краўцэвіч запусціў падкаст пра гісторыю Беларусі “Без доктара навук не разабрацца”.

У ім яны “гутараць аб Беларусі, беларусах і беларускасці як тата і дачка”. Першы выпуск падкаста на 26 хвілін прысвечаны шляхце. Ён называецца “Чаму Беларусь такая небеларуская. Шляхецкі пачатак”. У выпуску Алесь Краўцэвіч у форме гутаркі расказвае, як з’явілася і перастала быць беларускай беларуская шляхта, навошта нам фальклёр і што ўрэшце ўратавала Беларусь.

Алесь Краўцэвіч – доктар гістарычных навук, прафесар, археолаг, аўтар паспяховых кніг па гісторыі Беларусі, праграмы на адным з тэлеканалаў пра загадкі беларускай гісторыі, аўдыёкнігі “Кароткая гісторыя Беларусі”. У сферы яго цікаўнасцяў – эпоха Сярэднявечча і Вялікае Княства Літоўскае.

Яго суразмоўцы і дачцэ Юліі 25 гадоў. Яна скончыла філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці “Рамана-германская філалогія” і працягнула адукацыю ў Варшаўскай кінашколе. У гутарцы Юля задае бацьку пытанні і дасціпна яго каментуе.

Падкаст даступны на платформах PodBean, YouTube, Apple Podcasts, Google Падкасты і на Spotify.

Чытайце таксама: Фантастычная гісторыя пра спадчыну: абмяркоўваем «Разрушыцеля» Сцяпана Стурэйкі ў падкасце «Гаворыць Гродна»