Яшчэ двое гродзенцаў патрапілі пад спецвытворчасць. Гэта Вадзім Саранчукоў і Алесь Кіркевіч. Працэс супраць іх пачалі 29 сакавіка. Абодвух абвінавачваюць па ч.1, ч.2 артыкула 361−4 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». І Кіркевіч, і Саранчукоў эмігравалі з Беларусі.
Спецвытворчасцю ў Беларускім заканадаўстве называюць вытворчасць у адносінах да абвінавачаных, якія знаходзяцца за мяжой ці іншым чынам «ухіляюцца ад яўкі» ў адпаведныя органы. Гэты механізм з’явіўся ў Крымінальным Кодэксе у 2023 годзе. Ён дазваляе судзіць людзей завочна.
Па выніках спецвытворчасці у іх могуць канфіскаваць маёмасць і нават пазбавіць беларускага грамадзянства.
«Гэта толькі пачатак і перспектыва для вялікай колькасці беларусаў-эмігрантаў, — пракаментаваў для Hrodna.life Алесь Кіркевіч. — Логіка не ў тым, хто што зрабіў супраць дзяржавы і наколькі гэта „страшна“. Логіка матэрыяльная. Забраць у якасці кампенсацыі ўяўнага ўрону кватэры, дамы, аўто… Гэта тысячы адзінак нерухомасці. Гэта толькі пачатак».
Чытайце таксама:
- «Мы не будавалі паветраныя замкі». Вадзім Саранчукоў распавёў, як у жніўні 2020 Гродна стаў «вольным горадам» і чаму гэта так хутка скончылася
- Аснарэўскі супраць «Самурая»: дэбютны зборнік Алеся Кіркевіча абмеркавалі ў літаратурным падкасце «Гаворыць Гродна».
«На самой справе выглядае як імітацыя бурнай дзейнасці, што не мае дачынення да права ні па духу, ні па сутнасці, — распавёў для Hrodna.life Вадзім Саранчукоў. — Я абсалютна адкрыты. Выйсці са мной на кантакт, каб правесці нейкія дзеянні дыстанцыйна, - абсалютна элементарна і проста.
Таму я стаўлюся спакойна — як да працэсаў, што адбываюцца зараз ва ўсёй Беларусі, а не толькі са мной. Ну — працуем далей".
Раней пад спецвытворчасць патрапіў уласнік крамы «Адметнасць» Сяргей Верамеенка, праваабаронца Віктар Хільмановіч, былая дырэктарка дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка, дырэктарка Цэнтра новых ідэй Леся Руднік.
Чытайце таксама: CК распачаў спецвытворчасць супраць трох гродзенцаў, якія зараз жывуць за мяжой
Усе гродзенцы, супраць якіх пачалі спецвытворчасць, знаходзяцца ў базе вышуку МУС Расіі.
Чытайце таксама: «Стаўлюся дрэнна, але не здзіўлены». Супраць блогера з Гродна распачалі крымінальную справу