З 1 красавіка 2024 года выдаваць “адзіныя” шэнгенскія візы са зборам біяметрычных дадзеных грамадзянам трэціх краін павінны пачаць Балгарыя і Румынія. Сярод гарадоў, дзе можна будзе падаць дакументы – Гродна.

Абноўлена:

1 красавіка 2024 г. стала вядома, што прымаць дакументы на балгарскія візы ў візавым цэнтры «VFS Global» у Мінску пачнуць з 15 красавіка 2024 г., а ў іншых візавых цэнтрах «VFS Global», у тым ліку ў Гродне, з 1 траўня 2024 г. Пра гэта паведаміла Амбасада Балгарыі ў Мінску.

Інфармацыя на сайце візавага цэнтра «VFS Global» https://visa.vfsglobal.com/blr/ru/bgr і кол-цэнтр +375 17 3882912 будуць даступныя з 8 красавіка 2024 г.

Паводле рашэння Рады Еўрапейскага саюзу з 31 сакавіка для Румыніі і Балгарыі адменяць памежны кантроль на марскіх і паветраных межах у рамках Шэнгенскай зоны. У Румыніі плануюць пачаць выдаваць “шэнген” трэцім краінам з 31 сакавіка. Амбасада Балгарыі таксама пацвердзіла пачатак выдачы шэнгенскіх візаў.

Пагадненне аб абслугоўванні пасольства Балгарыі заключыла з фірмай-пасрэднікам “VFS Global”, якая прадстаўляе візавы цэнтр у Гродне.

Прымаць дакументы на шэнгенскія візы Балгарыі плануюць таксама ў Мінску, Брэсце, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Лідзе, Магілёве і Пінску. Консульскі збор складзе €35, збор візавага цэнтра – €25.

Зараз над тым, каб спрасціць запіс на падачу дакументаў на візу, працуе Польшча. Праўда, у выніку візы падаражэюць.

Чытайце таксама: Падаць дакументы на польскую візу зараз можна толькі па месцы прапіскі. Але Гродна — выключэнне