Польшча плануе ўзвесці назіральныя вышкі вышынёй каля 70 метраў уздоўж мяжы з Беларуссю. На іх размясцяць сучаснае оптыка-электроннае абсталяванне, паведаміла Gazeta Prawna са спасылкай на кіраўніка Памежнай аховы Польшчы Роберта Багана.
Пра гэта Баган распавёў падчас сумеснага паседжання камітэтаў Сейма па нацыянальнай абароне, а таксама адміністрацыіі і ўнутранным справам. На яго думку, вышкі дапамогуць забяспечыць лепшы агляд і кантроль стратэгічнага ўчастка мяжы. З вышак можна будзе маніторыць тэрыторыю амаль на 10 км у абодва бакі мяжы.
Памежнікам патрэбны дроны і новыя дарогі
Кіраўнік Памежнай аховы лічыць, што Польшчы варта набыць беспілотнікі з вертыкальным узлётам, а таксама пракласці асфальтаваную дарогу ўздоўж мяжы. Гэта павінна паскорыць рэагаванне памежнай службы.
«Праз тое, што так званая тэхнічная дарога інтэнсіўна выкарыстоўваецца як памежнымі машынамі, так і войскам, доступ да разнастайных раёнаў і хуткасць рэагавання значна зніжаецца», — зазначыў Баган.
Навошта ўзмацняць мяжу
Летам 2021 года ўлады Польшчы вырашылі пабудаваць на мяжы з Беларуссю плот. Такім чынам меркавалі спыніць нелегальныя перасячэнні мяжы. Агароджа была гатова летам 2022 года. Даўжыня плоту склала больш за 186 км, а вышыня — 2,5 метра.
Але зараз ужо ясна, што плот аказаўся не вельмі эфектыўным. Людзі, што хочуць патрапіць за мяжу незаконна, разгінаюць агароджу з дапамогай аўтамабільнага дамкрата, а таксама праплываюць праз водапрапускныя трубы.
Чытайце таксама: Польшча працягне адгароджвацца ад Беларусі: пабудуе электронны бар’ер на памежных рэках
Колькі мігрантаў спрабавала патрапіць у Польшчу
З пачатку міграцыйнага крызісу Польшча зафіксавала больш за 80 тыс. спробаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Палякі затрымалі больш за 42 тыс. чалавек.
Ад ліпеня 2021 года да аховы польскай мяжы прыцягнулі 5,6 тыс. вайскоўцаў, у 2022 годзе — 6,7 тыс., у 2023 — 3 тыс., з пачатку 2024 — 4,6 тыс.
Колькі каштуе закрытая мяжа
На забеспячэнне бяспекі на польска-беларускай мяжы ў 2021−2023 гадах палякі выдаткавалі 1,5 млрд злотых (каля $ 375 млн). Планаваныя выдаткі ў 2024 годзе складуць 850 млн злотых (амаль $ 20 млн).