Навіны

У беларускім СІЗА памёр літовец, затрыманы гродзенскай мытняй. Літва адправіла ноту ў МЗС

Часоваму выканаўцу абавязкаў пасла Беларусі ў Літве ўручылі ноту пратэсту ў сувязі са смерцю грамадзяніна Літвы Н.Р. у беларускім СІЗА. Смерць магла наступіць праз адсутнасць медычнай дапамогі, лічаць у Міністэрстве замежных спраў Літвы.

Консульскіх супрацоўнікаў Літвы не праінфармавалі належным чынам аб затрыманні грамадзяніна Літоўскай Рэспублікі і аб ягоным здароўі, піша Delfi са спасылкай на прэс-рэліз літоўскага МЗС. Таксама не былі створаны ўмовы для спатканняў са зняволеным і аказання яму консульскай дапамогі.

«Такімі дзеяннямі Беларусь груба парушыла Венскую канвенцыю. Літва патрабуе неадкладна афіцыйна інфармаваць МЗС аб прычынах арышту грамадзяніна ЛР, стане яго здароўя на момант затрымання і аб усіх звязаных з гэтым абставінах, а таксама пацвердзіць факт смерці гэтага чалавека, указаць час і месца яго смерці, абставіны смерці і прычыны», — сказана ў паведамленні МЗС.

Таксама ў ведамстве адзначылі, што варожыя і правакацыйныя дзеянні беларускіх ведамстваў супраць грамадзян Літвы, якія жывуць або часова знаходзяцца ў Беларусі, апошнім часам сталі больш актыўнымі: «Грамадзян Літвы незаконна арыштоўваюць, фальсіфікуюць абвінавачанні». МЗС Літвы настойліва рэкамендаваў літоўскім грамадзянам не ездзіць у Беларусь, а тым, хто ўжо там, неадкладна яе пакінуць.

Чытайце таксама: «Жалезная заслона» апусцілася пад Гродна: што нясе закрыццё межаў беларускай эканоміцы і грамадству

Што адбылося?

Крымінальную справу супраць грамадзяніна Літвы ўзбудзіла Гродзенская рэгіянальная мытня 31 снежня 2023 года. Паведамлялася, што ён спрабаваў увезці з Літвы ў Беларусь праз пункт пропуску «Беняконі» 98 баявых пісталетных патронаў калібра 9 мм. Два кардонныя пакункі з патронамі знайшлі ў кішэні задняй правай дзверы Mercedes-Benz, якім кіраваў мужчына. Гэта кваліфікавалі паводле артыкула 333−1 КК РБ (частка 1 — незаконнае перамяшчэнне праз мяжу Рэспублікі Беларусь боепрыпасаў). Падазраванага ўзялі пад варту. Яму пагражала пазбаўленне волі ад трох да сямі гадоў са штрафам ці без штрафу. Відэа затрымання было апублікавана на сайце беларускай мытні.

Не першая смерць

Зыходзячы з таго, што крымінальную справу ўзбудзіла Гродзенская мытня, падазраванага павінны былі змясціць у СІЗА Гродзенскай вобласці, якое знаходзіцца ў турме № 1 у Гродне.

Гэта не першая смерць у беларускіх месцах пазбаўлення волі і не першая для гродзенскай турмы за апошні год. 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі лякарні хуткай медыцынскай дапамогі памёр палітвязень, мастак Алесь Пушкін. Туды яго даставілі ў крытычным стане з гродзенскай турмы. У палітвязня была прабадная язва, але ў турме яму не аказалі дапамогу своечасова. Пушкіну было 57 гадоў. Яго асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў) і ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці). Нагодай для затрымання стала адна з яго карцін.

5 студзеня 2023 года ў турме № 1 Гродна памёр гродзенскі нефармал і мастак Руслан Карчаулі. Па словах блізкіх, яго змясцілі ў СІЗА «за марыхуану» — верагодна, па арт. 328 КК. Ён памёр пасля перанесенай пнеўманіі. Мастаку было 50 гадоў.

Чытайце таксама: У Лідзе ў будынку міліцыі памёр чалавек

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024

«Ледзь галаву не адрэзала». Байкеры ў лесе Гродна знайшлі пастку з дроту — у справу ўмяшалася міліцыя

Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…

20 лістапада 2024