У аддзеле адукацыі гарвыканкама склалі рэйтынг лепшых школ Гродна. Гродзенская гарадская гімназія імя Дубко, якая знаходзіцца на вуліцы Парыжскай камуны, заняла першае месца. Астатнія два месцы ў тройцы найлепшых таксама занялі гімназіі.
Топ-3 школ Гродна па версіі аддзела адукацыі:
- Гродзенская гарадская гімназія імя Дубко
- Гімназія № 1 імя Карскага
- Гімназія № 10 імя Мітрапаліта Філарэта
Найлепшымі школамі Гродна (сярод негімназій) назвалі сярэднія школы № 11, 13, 8 і 32.
Рэйтынг школ Гродна грунтаваўся на ўдзеле вучняў у конкурсах, іх паспяховасці і эфектыўнасці засваення праграмы, з асаблівай увагай да ўдзелу школьнікаў у алімпіядах. Найлепшыя школы і гімназіі Гродна назвалі на пасяджэнні ў гарвыканкаме, расказаў тэлеканал «Гродна Плюс».
Патрыятычнае выхаванне і БРСМ — на першым месцы?
На сустрэчы ў выканкаме абмеркавалі таксама планы на наступны навучальны год. Яны ўключаюць працяг працы па патрыятычным выхаванні моладзі, актыўнае ўцягванне дзяцей у піянерскую арганізацыю і ў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Цікава, што ў матэрыяле тэлеканала спачатку ўвагу надалі пытанням менавіта ідэалогіі ў школе, а ўжо потым адзначылі важнасць школьнага харчавання і якасці адукацыі.
Чытайце таксама: Беларускія школы незадаволены, што выпускнікі паступаюць за мяжу. Даходзіць да пагроз бацькам
Закранулі і іншыя пытанні. Напрыклад, чакаецца пастанова ўрада аб зменах пры падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года. Пакуль яна знаходзіцца на стадыі праекта.
— Адным з такіх сур’ёзных пытанняў - гэта, вядома ж, будзе новаўвядзенне па прыёмцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Гэта будуць уведзены новыя акты, новыя пашпарты гатоўнасці ўстаноў адукацыі. І гэта ўсё будзе залежаць толькі ад якаснай падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі ў летні перыяд, каб мы маглі своечасова і правільна прыступіць да новага навучальнага года, — распавёў Андрэй Семанчык, начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама.
Увагу плануюць удзяліць пытанням бяспекі дзяцей у школах. Амаль у палове школ Гродна ўжо працуюць на ўваходзе супрацоўнікі Дэпартамента аховы, ёсць відэаназіранне. Да пачатку новага навучальнага года гэтая практыка павінна распаўсюдзіцца на ўсе школы горада.