Мужчына прыехаў на таксі да генконсульства Расійскай Федэрацыі ў Гродне. Ён паклаў ля плота консульства фота памерлага ў ПК Аляксея Навальнага памерам 20 смх14,5 см і дзве гваздзікі. Таксама ён зрабіў фота. У гэты час ля консульства дзяжурыла міліцыя. Мужчыну затрымалі і судзілі за пікетаванне. Рашэнне з’явілася ў банку судовых рашэнняў. Прозвішчы і дакладныя даты невядомыя, бо рашэнне ананімізавана.
Справу разглядалі ў судзе Ленінскага раёна 20 лютага паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Мужчына нібыта парушыў закон «Аб масавых мерапрыемствах», паколькі пікетаваў без дазволу Гродзенскага гарвыканкама. Яму далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Мужчына прызнаў віну. У судзе разгледзелі рапарт міліцыянта АМАП, які заўважыў мужчыну. Таксама даследавалі паказанні сведкі-міліцыянта, які дзяжурыў каля консульства. Ён і затрымаў «пікетаваўшага».
Дакладна невядома, усклаў кветкі беларус ці расіянін. Яго асабістыя звесткі, узрост і месца нараджэння ананімізаваныя. Вядома, што ў яго сярэдняя адукацыя, ён жанаты, не працуе, да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся. Пражывае ў Расіі.
У адпаведнасці з арт. 2 Закона «Аб масавых мерапрыемствах», пікетаванне — публічнае выказванне грамадзянінам або групай грамадзян грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў альбо пратэсту, у тым ліку шляхам галадоўкі, па якіх-небудзь праблемах з выкарыстаннем або без выкарыстання плакатаў, транспарантаў і іншых сродкаў. Яно можа праводзіцца толькі з дазволу мясцовага выканаўчага органа, выдадзенага на падставе заявы арганізатара масавага мерапрыемства аб яго правядзенні, пададзенай у пісьмовай форме не пазней, чым за 15 дзён да меркаванай даты правядзення масавага мерапрыемства.
Затрыманні ў Расіі
У Расіі тых, хто выходзіў пасля смерці Навальнага, таксама затрымлівалі, кветкі, фота і свечкі прыбіралі. Вядома пра выпадкі арышту. Паводле звестак расійскага праваабарончага праекта «ОВД-Инфо», з 16 да 18 лютага затрымалі больш за 340 чалавек у 30 гарадах.
Смерць Навальнага
Інфармацыя пра смерць расійскага палітыка Аляксея Навальнага ў папраўчай калоніі «Полярный волк» з’явілася 16 лютага. Паведамілі, што яму стала дрэнна пасля прагулкі. На днях Марыя Пеўчых распавяла, што Навальнага планавалі абмяняць на кілера Вадзіма Красікава, асуджанага за забойства ў Берліне. Яго ўдава Юлія Навальная паабяцала працягнуць справу мужа.
Толькі 24 лютага цела перадалі яго маці. У канцы тыдня плануецца правесці публічнае развітанне з палітыкам.
Аляксей Навальны — стваральнік «Фонду барацьбы з карупцыяй». Лічыўся галоўным апанентам Уладзіміра Пуціна. У 2020 годзе быў атручаны ядам з групы «Навічок». Пасля лячэння ў Германіі вярнуўся ў Расію, дзе ўжо ў аэрапорце быў затрыманы.
Чытайце таксама: Лідчанку судзілі за «пікет у Instagram» — пост з БЧБ-сцягам