Праўладная і прарасійская актывістка Вольга Бондарава з Гродна не змагла стаць дэпутаткай у Менскім гарадскім савеце. Яна прайграла ідэолагу спецназа МУС Міхаілу Адамчыку.

Вольга Бондарава балатавалася па Шугаеўскай выбарчай акрузе № 57 у мікрараёне Уручча. У дэпутаты гарадской рады яна вылучалася ад Камуністычнай партыі Беларусі як яе сябра, без збору подпісаў. Акрамя яе і прадказальнага пераможцы па акрузе – беспартыйнага начальніка аддзялення ідэалагічнай працы вайсковай часці 3214 унутраных войскаў МУС, ва Уруччы таксама балатавалася намесніца дырэктара гімназіі № 38 па выхаваўчай працы Святлана Пазняк ад партыі «Белая Русь». Абодва канкурэнты Бондаравай вылучаліся на аснове збору подпісаў і ад сваіх працоўных калектываў.

У сваёй перадвыбарнай праграме Бондарава абяцала адстойваць “абарону дзяцей ад навязанай захадам распусты”, “традыцыйныя сямейныя каштоўнасці беларускага народа”, захоўваць “ганаровую памяць” аб перамозе ў Вялікай айчыннай вайне, змагацца за “абарону сацыяльных інтарэсаў працоўных” і – на апошнім месцы – рэалізацыю планаў развіцця раёна.

У свае дасягненні за чатыры гады яна запісала рускую мову на дарожных паказальніках і знікненне з іх лацінкі, барацьбу з помнікамі, прызнанне экстрэмісцкімі матэрыяламі кніг гісторыкаў Віктара Ляхора і Алега Усачова, фармулёўку “Подпіс бацькоў” замест “Подпіс законных прадстаўнікоў” у школьных дзённіках (законным прадстаўніком дзіцяці, напрыклад, сіраты,
могуць быць не толькі бацькі) і нават замацаванні ў канцэпцыі нацбяспекі фармулёўкі сям’і як саюза мужчыны і жанчыны па нараджэнні.

У графе аб дзейнасці ў спісе кандыдатаў Бондарава фігуравала як студэнтка педуніверсітэта. У сваёй праграме яна пазіцыянавала сябе як адказнага сакратара газеты “Коммунист Беларуси. Мы и время”.

Чытайце таксама: