Навучэнка гродзенскай гімназіі №6 Дзіяна Чамерыс стварыла ў TikTok акаўнт, праз які дапамагае рыхтавацца да ЦТ. Дзяўчыне дапамагае маці, якая па адукацыі настаўніца беларускай мовы, паведаміла БелТА.

Дзіяна Чамерыс навучаецца ў 10 класе. У TikTok акаўнце “БеларускаЯ”, дзе 959 падпісчыкаў, яна публікуе 15-секундныя відэа з заданнямі для тых, хто хоча праверыць і падцягнуць свае веды па беларускай мове. Задачы ў відэа разнастайныя: па граматыцы, сінтаксісу і пунктуацыі.
Ідэю такога канала Дзіяна прыдумала ў 2023 годзе, калі яна вырашыла здаваць цэнтралізаванае тэставанне па беларускай мове. “Па гэтым прадмеце ў мяне “дзявятка”, але веды трэба ўвесь час падтрымліваць і ўзмацняць. Вырашыла, што будзе карысна рабіць гэта такім сучасным спосабам”, — сказала дзяўчына.
Маці правярае кожнае відэа
Маці дзяўчыны – Юлія Аляксандраўна – падтрымлівае такую ідэю і дапамагае ў стварэнні. Дзіяна прапануе тэму, падбірае музыку і анімацыю, манціруе, а маці ўсё правярае на адпаведнасць правілам беларускай мовы і дае дазвол на публікацыю.
“Разам з тым гэта і памочнік для будучых абітурыентаў. У аснове праекта – пытанні, якія сустракаліся на ЦТ у мінулыя гады. Адна з важных мэтаў нашага анлайн-рэпетытара заключаецца як раз у тым, каб дапамагчы будучым абітурыентам падрыхтавацца да тэставання”, — сказала Юлія Аляксандраўна.
Чытайце таксама: Глядзіце, якім будзе Гродна праз 1000 гадоў. Мы запыталі ў нейрасеткі і атрымалі малюнкі ў адказ


