Цану за прадастаўленне або рэзерваванне месца для пахавання ў гродзенскім калумбарыі на могілках «Аўльс» вызначыў Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт. Рашэнне за подпісам старшыні гарвыканкама Андрэя Хмеля з’явілася на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.
Месца ў калумбарыі зараз каштуе 10 базавых велічынь — на люты 2024 года гэта 400 рублёў. За тую ж цану можна зарэзерваваць дадатковыя месцы — але не больш за тры.
Базавую велічыню паднялі да 40 рублёў з пачатку студзеня 2024 года.
Цану пахавання ўрны ў калумбарыі вызначылі 29 студзеня 2024 года. Рашэнне набыло моц з 24 лютага — з дня афіцыйнага апублікавання. Гэтае рашэнне змяняе папярэдняе рашэнне «Аб арганізацыі пахавальнай справы на тэрыторыі горада Гродна» ад 14 снежня 2021 года.
Дзе і калі з’явіўся калумбарый у Гродне
Першы і пакуль адзіны калумбарый у Гродне з’явіўся ў ліпені 2023 года на могілках «Аўльс». Там можна размясціць 1088 урнаў з прахам памерлых.
Калумбарый размясцілі праз дарогу ад могілак, насупраць канцавога прыпынку аўтобуса № 13. Калумбарый складаецца з 136 бетонных пліт, у кожнай па 8 ячэек.
Аднак у Гродне няма крэматорыя — найбліжэйшы знаходзіцца ў Мінску і толькі там у Беларусі можна крэміраваць астанкі нябожчыка.