Арганізатары штогадовага забега па цэнтральных вуліцах горада “Гарадзенская вандроўка” прадставілі дызайн медаля фінішара на 2024 год. На ім выявілі караля Стэфана Баторыя. 

Медаль фінішара – гэта ўзнагарода, якую атрымлівае кожны, хто прабег заяўленую дыстанцыю.

“На гэты раз на адваротным баку намаляваны вялікі воін і кіраўнік – Стэфан Баторый. Магутная постаць караля і рашучы погляд – сімвалізуюць сілу, цягавітаць і рашучасць дасягаць пастаўленых мэт”, — патлумачылі арганізатары на старонцы забегу ў Instagram.

Гродзенцам спадабаўся дызайн

Пад пастом з выявай медаля падпісанты пакідаюць станоўчыя каментары: “Вельмі прыгожы медаль. Сапраўды стараецеся над дызайнам” — “Каралеўскі горад піярыць свайго караля!” — “Якая ж файная”. 

Калі адбудзецца “Гарадзенская вандроўка”

У 2024 годзе забег адбудзецца 16 чэрвеня на дыстанцыі пяць і 10 кіламетраў. Таксама будзе дзіцячы забег. Жадаючыя прыняць удзел ужо могуць зарэгістравацца. Станам на 23 лютага на “вандроўку” зарэгістраваліся 400 чалавек, сярод іх жыхары Беларусі, Расіі і Латвіі.

Летась на “Гарадзенскую вандроўку” зарэгістравалася каля 500 чалавек. Забег па гістарычным цэнтры Гродна і ваколіцах праходзіць з 2017 года.

Чытайце таксама: У Гродне паўраспранутыя людзі бегалі па снезе ўздоўж Нёмана: глядзіце, як прайшоў «ЗакалФэст»