У серыі «Гарадзенская бібліятэка» пры падтрымцы гістарычнага канала Hrodna 11:27 выйшаў восьмы нумар часопіса «Гарадзенскі гадавік». Ён прысвечаны насельніцтву горада на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў, калі наш горад акурат перажываў працэс інкарпарацыі ў Расійскую імперыю.
Гэты нумар — нетыповы для гадавіка. Ён складаецца не з асобных навуковых артыкулаў, а з публікацыі адной гістарычнай крыніцы — рэвізскай сказкі горада Гродна, якая была складзена на пачатку XIX ст. Гэта перапіс насельніцтва, які дазваляе ў пэўнай ступені зразумець, якім было насельніцтва нашага горада больш за 200 гадоў таму. Пры тым спіс вельмі лаканічны — пададзены этнічна-канфесійны, дэмаграфічны і прафесійны склад часкі насельніцтва.
На жаль, не ўвесь спіс захаваўся да нашых дзён. Але і ў такім выглядзе ён з’яўляецца каштоўнай крыніцай на гісторыі гарадскога соцыуму мяжы стагоддзяў і эпох.
Публікацыю падрыхтавалі да друку Алесь Радзюк і Юры Гардзееў. Ва ўступным артыкуле змешчаны комплексны разбор дакумента.
Публікацыю можна заказаць, напісаўшы на мэйл: [email protected].
Што такое «Гарадзенскі гадавік»
«Гарадзенскі гадавік» — навуковы гістарычны часопіс, які ў 2011 годзе заснавалі гродзенскія гісторыкі і краязнаўцы. Папярэдні сёмы нумар выйшаў у 2021 годзе. Раней прэзентацыі кожнага нумара часопіса праходзілі ў Гродне штогод.