У 2023 годзе толькі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна разгледзелі 556 спраў за недэклараванне або прадастаўленне недакладных звестак аб таварах пры перавозе праз мяжу (артыкул 15.5 КаАП). За гэта спагналі больш за 2,85 млн рублёў штрафаў.
Недэклараванне грошай і тавараў, якія трэба дэклараваць, фізічнымі асобамі сярод адміністрацыйных мытных парушэнняў сустракаецца часцей за ўсё. Такіх спраў аказалася на траціну больш, чым годам раней. Палова парушальнікаў былі замежнікамі ці замежнымі арганізацыямі і прадпрыемствамі.
За недэклараванне наяўных грошай (частка 2 артыкула 15.5 КаАП) суд Кастрычніцкага раёна разгледзеў 186 спраў і прысудзіў паводле іх амаль 50 тысяч рублёў штрафаў. Пры гэтым у 179 выпадках суд не толькі наклаў штраф, але і пастанавіў канфіскаваць перавезеныя грошы, піша «Вечерний Гродно». Такія рашэнні суды прымаюць у 95% выпадках, адзначаў раней суддзя суда Кастрычніцкага раёна Гродна Уладзімір Пазняк.
Агулам за год толькі па рашэннях суда Кастрычніцкага раёна канфіскавалі:
- больш за 26,7 тысячы беларускіх рублёў (€ 7 650 у эквіваленце па курсе Нацбанка);
- больш за 37,1 тысячы долараў (€ 34 461);
- 6 900 ліванскіх фунтаў (каля € 0,43);
- больш за 242,1 тысячы еўра;
- амаль 53 тысячы расійскіх рублёў (€ 533);
- 211, 4 тысячы ўкраінскіх грыўняў (€ 5194);
- амаль 792 польскіх злотых (€ 182).
За недэклараванне грошай ці тавараў у Беларусі прадугледжаны штраф ад 5 да 30 базавых (200−1200 руб.). Незадэклараваныя наяўныя грошы могуць канфіскаваць. Штраф за незадэклараваныя тавары складзе да 30% ад кошту прадмета парушэння для ІП або юрыдычных асоб.
Па законе, дэклараваць неабходна ўсе сумы, большыя за $ 10 тысяч па курсе на дзень падачы дакумента, і тавары для асабістага карыстання коштам больш за € 1000 і вагой больш за 31 кг.
За што такія ахвяры?
Нягледзячы на вялізныя сумы штрафаў за недэклараванне і напаўзакрытыя межы, бізнес на перавозках яшчэ жывы. За чатыры паездкі ў Польшчу «чаўнок» можа атрымаць нармальны беларускі заробак. Даражэй за ўсё якраз каштуе перавозка тавараў, якія падлягаюць абавязковаму дэклараванню і маюць абмежаванні на ўвоз. Гэта можа быць бытавая тэхніка, аўтамабільныя покрыўкі. Напрыклад, за правоз кавамашыны вагой 3 кг прапануюць $ 20−30, мікрахвалёўкі 19 кг — $ 40, акустычныя калонкі вагой 20 кг — $ 35 (у абодвух выпадках перавозчык павінен замарозіць ПДВ да наступнай паездкі). За перавозку наўтбука коштам каля $ 800 даюць $ 60.
За перавоз рэчаў, якія не трэба дэклараваць, расцэнкі значна ніжэйшыя. Заяўкі на перавозку рэчаў размяшчаюць у спецыяльных чатах у Telegram. Зарабіць такім спосабам могуць нават пасажыры, на якіх афармляюць дэкларацыі.
Чытайце таксама: У Літве кажуць пра чарговыя абмежаванні на мяжы з Беларусьсю. Але мэр Друскенікаў супраць