У Гродне шукаюць 131 лекара-спецыяліста. Ім прапануюць заробак ад 156,5 рублёў за 0,25 стаўкі да 3,1 тысячы за стаўку. Больш за ўсё спецыялістаў шукаюць у Ленінскім раёне — 77 вакансій, у Кастрычніцкім — 54. Hrodna.life паглядзеў, у якія шпіталі патрэбны супрацоўнікі і колькі ім гатовыя плаціць.
Самыя вялікія заробкі - у скурна-венералагічным дыспансеры
У Гродзенскі абласны клінічны скурна-венералагічны дыспансер шукаюць намесніка галоўнага лекара (па медычнай частцы). Яму гатовыя плаціць 3119 рублёў (без выліку падаткаў). Кандыдат мусіць мець вышэйшую адукацыю, досвед працы ад шасці гадоў, а таксама прайсці ўзгадненне.
У той жа дыспансер шукаюць лекара-дэрматавенеролага (загадчыка паліклінічным аддзяленнем). Як і ў папярэднім выпадку кандыдат павінен мець вышэйшую адукацыю і прайсці ўзгадненне. Досвед працы — не менш за тры гады. Плаціць гатовыя амаль 2562 рублі.
Больш за 2000 рублёў прапануюць у шпіталі хуткай дапамогі
У Шпіталі хуткай медычнай дапамогі на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў ёсць тры вакансіі з заробкам ад 2000 рублёў. Шукаюць:
- лекара-хірурга, якому гатовыя заплаціць 2500 рублёў,
- лекара-акушэра-гінеколага за 2000 рублёў (пакуль асноўны супрацоўнік сышоў у дэкрэтны адпачынак),
- лекара-неанатолага ў аддзяленне для нованароджаных за 2000−2100 рублёў.
Самыя маленькія заробкі - на «АзотСэрвіс»
На ўнітарнае прадпрыемства «АзотСэрвіс» на праспекце Касманаўтаў шукаюць двух лекараў спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй на 0,25 стаўкі. Лекару ўльтрагукавой дыягностыкі гатовыя заплаціць 189 рублёў, а лекару-стаматолагу — 156 рублёў.
У Гродзенскі абласны клінічны кардыялагічны цэнтр на Болдзіна патрабуецца лекар клінічнай лабараторнай дыягностыкі па сумяшчальніцтве на 0,25 стаўкі. Яму гатовыя плаціць 200−250 рублёў. Патрэбны досвед ад васьмі гадоў.
Чытайце таксама: У Гродне і вобласці шукаюць выкладчыкаў і настаўнікаў. Вось якія заробкі прапануюць у сферы адукацыі ў 2024-м
Колькі гатовыя плаціць у вобласці
Агулам у Гродзенскай вобласці шукаюць 455 лекараў-спецыялістаў. Самы высокі заробак прапануюць у Слоніміскім цэнтральным раённым шпіталі - 3006−3407 рублёў лекару-спецыялісту намесніку галоўнага лекара па медычнай частцы. У Зельвенскім цэнтральным раённым шпіталі — 2581−2656 рублёў лекару-анэстэзіяёлагу-рэаніматолагу (загадчыку) аддзялення анэстэзіялогіі і рэанімацыі.
Самую маленькую стаўку — 0,12 — і заробак — 75,5 рублёў у месяц — прапануюць лекару-педыятару з вышэйшай адукацыяй у Ваўкавыскім раённым Цэнтры карэкцыйна-развіваючай адукацыі і рэабілітацыі.
Глядзіце таксама: У Гродне і вобласці шукаюць выкладчыкаў і настаўнікаў. Вось якія заробкі прапануюць у сферы адукацыі ў 2024-м