Расійская “Медыязона” выпампавала базу вышуку МУС Расіі і зрабіла зручны пошук па ёй. Беларуская “Медыязона” вылучыла з базы ўсіх грамадзян Беларусі. Іх аказалася 3186 чалавек. Сярод іх ёсць і гродзенцы. Вы можаце самі пашукаць сябе і знаёмых па прозвішчы, імені і імені па бацьку.

Абноўлена. За 6 месяцаў Расія дадала ў базу вышуку МУС 773 грамадзяніна Беларусі і тых, хто тут нарадзіўся. Некаторых людзей прыбралі з базы. Усяго ў базе знаходзіцца больш за 3500 чалавек. Людзей з гэтай базы шукаюць у Расіі і ў Беларусі. Праверыць сябе ў абноўленай базе можна тут.

Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, якіх вядомых гродзенцаў і ўраджэнцаў Гродзенскай вобласці (ці іх поўных цёзак) шукае расійская міліцыя.

У выніку хуткага пошуку ў базе вышуку МУС Расіі знайшліся:

  • Уладзімір Хільмановіч – гродзенскі журналіст і праваабаронца,
  • Алеся Руднік – паліталагіня і даследчыца, якую беларускі Следчы камітэт назваў адной з 20 «аналітыкаў Ціханаўскай»,
  • Ігар Банцэр – музыка і былы палітзняволены,
  • Таццяна Кулевіч – жонка журналіста Руслана Кулевіча,
  • Вольга Вялічка – псіхолаг, дырэктарка дзіцячага хоспіса,
  • Вадзім Саранчукоў – лідар партыі БНФ,
  • Сяргей Верамеенка – актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі,
  • Дзмітрый Фурманаў – былы палітзняволены,
  • Карына Маліноўская – з’ехала ў Польшчу і прайшла трэніроўку ад BYPOL,
  • Рэгіна Лавар – былая палітзняволеная з Іўя,
  • Алесь Кіркевіч – журналіст,
  • Юрый Дзяшук – журналіст з Бярозаўкі,
  • Анджэй Пісальнік – журналіст і актывіст польскай меншасці,
  • Пётр Анісімовіч – актывіст БНФ, атрымаў “хімію” і выехаў з Беларусі.
  • Вольга Верамеенка – актывістка, сузаснавальніца гродзенскай крамы нацыянальнай сімволікі “Адметнасць”.
  • Вольга Івашына – актывістка, жонка палітвязня журналіста Дзяніса Івашына.

Гэта, відавочна, далёка не ўсе гродзенцы, хто можа быць у базе МУС Расіі.

Пра грамадзян Расіі ў базе звычайна пазначана, па якім артыкуле Крымінальнага кодэкса яны адшукваюцца. Аднак пра ўсіх знойдзеных намі гродзенцаў паказана толькі агульнае “адшукваецца па артыкуле КК” — без удакладненняў.

Даведацца, знаходзіцеся вы ці вашы знаёмыя ў вышуку ў Расіі, можна на сайце “Медиазона Беларусь”.