Па ключавым слове “настаўнік” на сайце службы занятасці апублікавана 50 вакансій з Гродзенскай вобласці. Крыху больш аб’яваў можна знайсці па запыце “выкладчык” – 83 вынікі пошуку. 15 чалавек не хапае на пасаду дацэнта, двух на пасаду прафесара і аднаго – на пасаду прарэктара. Зарплаты ў сферы адукацыі вар’іруюцца ад 156 руб. за 0,25 стаўкі да 2200 руб. за стаўку.
Колькі заплацяць настаўніку ў Гродне
Больш за ўсё гатовы заплаціць настаўніку пачатковых класаў у гімназіі №6 у Гродне – там можна атрымліваць 1100-1200 руб.
У сярэднюю школу №8 Гродна шукаюць настаўніка інфарматыкі і матэматыкі на заробак 1000 руб. за поўную стаўку. Падобны заробак прапануюць настаўніку беларускай мовы і літаратуры гімназіі №4 – ад 900 да 1100 руб.
Менш за такую ж колькасць гадзін будуць плаціць у школе №23 настаўніку (на замене) па рускай мове і літаратуры. Прапануюць ад 650 да 900 руб. Настаўніку матэматыкі ў школе №31 заплацяць 626-560 руб.
Якія заробкі ў настаўнікаў у вобласці
Падобныя заробкі будуць і па вобласці. У луцкаўлянскай сярэдняй школе заплацяць 1100-1200 руб. настаўніку пачатковых класаў. У Смаргоні настаўніку матэматыкі прапануюць ад 900 да 1000 руб. Ад 800 да 900 руб. будзе атрымліваць настаўнік пачатковых класаў у Скідзелі. Менш будуць плаціць настаўніку музыкі. Напрыклад, у свіслацкую музычную школу шукаюць настаўніка па класе баяна на заробак 673 руб.
У Шчучыне адкрыта вакансія настаўніка-дэфектолага з заробкам 700 руб. Прымуць аднаго чалавека на стаўку і аднаго – на 0,5. У Слоніме за тую ж працу заплацяць на 44 руб. больш. Яшчэ больш у Гродне – ад 850 да 1100 руб. У гарадскім пасёлку Астрына можна ўладкавацца дэфектолагам у яслі-сад на 0,25 стаўкі і атрымліваць 156,5 руб.
Заробкі ў сферы вышэйшай адукацыі
У ГрДУ – ад 165 рублёў за чвэрць стаўкі выкладчыка да 2000 за стаўку прарэктара
Загадчыку кафедры ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы будуць плаціць 1788-2238 руб.. Шукаюць двух чалавек, месца працы – корпус на вуліцы Даватара.
Таксама ў ГрДУ шукаюць двух прафесараў на 0,25 стаўкі: прапануюць ад 325 да 390 руб. У адной з аб’яў прапісаны патрабаваны досвед працы – 7 гадоў. Дацэнту ў тым жа ўніверсітэце будуць плаціць 1046—1304 руб.
Чытайце таксама: У Гродне і раёне шукаюць дырэктараў і намеснікаў: вось якія заробкі гатовыя плаціць начальнікам
На пасадзе выкладчыка ў ГрДУ можна будзе атрымліваць ад 800 да 1000 руб. Старэйшы выкладчык ва ўніверсітэце, мяркуючы па аб’яве, будзе атрымліваць менш – 657-789 руб. На 0,25 стаўкі на той жа пасадзе ў той жа ВНУ можна разлічваць толькі на 165-198 руб.
Самы вялікі заробак з тых, што мы знайшлі, аказаўся ў прарэктара. Яму абяцаюць ад 2000 да 2200 руб. Да кандыдатаў ёсць патрабаванні: вышэйшая адукацыя, вучоная ступень доктара або кандыдата навук, стаж работы на пасадах педагагічных, навуковых работнікаў, кіраўнікоў не менш як 5 гадоў.
У якія каледжы шукаюць выкладчыкаў і колькі там гатовы плаціць
У аграрна-эканамічным каледжы ў Ашмянах выкладчыку прапануюць 563,47 руб.. На такой жа вакансіі ў Ваўкавыскім аграрным каледжы заплацяць ад 900 да 1000 руб. у месяц. Выкладчыку ў Гродзенскім медыцынскім каледжы заплацяць 700 руб.
Ад 800 да 1000 рублёў прапануюць выкладчыку ў Гродзенскім каледжы эканомікі і кіравання. Але пачаць працу можна будзе толькі з 1 верасня. Цэлых шэсць выкладчыкаў праз адну аб’яву шукае Лідскі музычны каледж, заробак – ад 626 да 646,07 руб.



