Амаль ва ўсіх выбарчых акругах Гродзенскай вобласці толькі адзін кандыдат у абласны савет дэпутатаў апублікаваў сваю перадвыбарчую праграму. Верагодна, гэта і ёсць «пераможцы» выбараў, якіх фактычна прызначаць дэпутатамі.
Агулам у Гродзенскай вобласці 60 выбарчых акругаў. У кожнай з іх па два-тры кандыдаты. Выключэнне — Ашмянская выбарчая акруга № 28, дзе адзін кандытат — Вольга Барысенка-Рабко. Яна не апублікавала сваю праграму. Магчыма, гэта было звязана з тым, што ў гэтай акрузе яўным фаварытам быў Андрэй Барбашынскі, якога нечакана не зарэгістравалі.
Таксама свае праграмы не апублікавалі кандыдаты ад Болдзінскай і Урублеўскай выбарчых акругаў. У 56 акругах праграму апублікаваў толькі адзін кандыдат. Толькі ў Жупранскай выбарчай акрузе свае перадвыбарныя праграмы апублікавалі два кандыдаты.
Чытайце таксама: Праверце пасля выбараў. Склалі верагодны спіс дэпутатаў па Гродзенскай вобласці
Ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прааналізавала праграмы дэпутатаў і звярнула ўвагу, што ўсе яны напісаны аднатыпна. У большасці выпадкаў - адна старонка машынапіснага тэксту. Яе палову займае біяграфія кандыдата, а астатняе гэта лозунгі і абяцанні. Большасць праграм мае аднатыпны подпіс «С уважением, ваш депутат!». Выглядае, быццам праграмы пісаў цэнтралізавана адзін чалавек.
Што абяцаюць будучыя дэпутаты
- падтрымліваць грамадскую стабільнасць, міжнацыянальны і міжканфесійны мір;
- уключаць грамадзян у працэс прыняцця рашэнняў па пытаннях жыцця і развіцця рэгіёна;
- накіраваць свае вопыт, веды і магчымасці на абарону правоў і інтарэсаў выбаршчыкаў;
- у рамках рашэння агульнадзяржаўных задач улічваць інтарэсы жыхароў нашага рэгіёна;
- рэалізоўваць новыя праекты па развіцці нацыянальнай культуры і самабытнасці, патрыятычным выхаванні моладзі.