Кавярню «Дюна» рыхтуюць да адкрыцця на вуліцы Маставой, 31. Уладальнікі абяцаюць, што «не выязджаючы з горада вы зможаце зайсці ў кафэ, якое нагадвае пра адпачынак, сонца і цяпло». Дата адкрыцця папярэдне прызначана на люты 2024. У памяшканні зараз адбываецца рамонт.
Кавярню адкрыюць у памяшканнях былога буціка прыгажосці LELE — па суседстве з кавярняй «Проходная» і караоке-барам «Эхо».
У кавярні не будзе складанай ежы. Вядома, што адной са страў будуць венскія вафлі. Астатняга меню яшчэ не прэзентавалі. Затое ўласнікі паказалі посуд, які выбралі для сваёй установы. Таксама вядома, што ў кавярні будзе кава на пяску — рэдкі для Гродна спосаб прыгатавання гэтага напою.
У новую кавярню шукаюць повара, барыста, а таксама гаспадыню.
Пясочныя колеры і расліны ў вазонах
Інтэр'ер новай кавярні плануюць выкананаць у цёплых пясочных колерах — адпаведна назве. На столі і калонах хочуць пакінуць не затынкаванай цэглу з жоўтым адценнем. У памяшканні хочуць размясціць высокія расліны ў вазонах.
У Instagram уласнікі спыталіся гродзенцаў, з чым у іх асацыюецца назва «Дюна». Аказалася, што перадусім з расійскім гуртом «Дюна», а таксама цыклам фантастычных раманаў Фрэнка Герберта. Але адсылак да іх у новай установе, здаецца, не плануецца.
Не адзіная кавярня, якую рыхтуюць да адкрыцця ў Гродне
На вуліцы Калючынскай, 12 рыхтуюць да адкрыцця кавярню і арт-студыю «Вкус искусства». Яна знаходзіцца ў памяшканні над барам «Куба». Зараз адбываецца рамонт новай прасторы. Інтэр'еры памяшкання — сцены, столь, мэбля — будуць у цёмна-сінім, чырвоным і белым колерах.
Чытайце таксама: У цэнтры Гродна адкрыецца кавярня, спалучаная з арт-студыяй: будуць ноткі сюррэалізму, віно і творчасць