У Гродзенскім рэгіёне засяроджана 70% гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Самая папулярная славутасць пры гэтым — Свята-Успенскі Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр, падзяліліся на прэс-канферэнцыі «Падарожнічаем па Беларусі: папулярныя маршруты і незвычайныя месцы Гродзенскай вобласці». Гродзенскі раён жа лідзіруе і ў курортнай сферы, і ў сферы экатурызму.
У 2023 годзе Жыровіцкі манастыр наведала больш за 11 тысяч чалавек, прыводзіць «Гродзенская праўда» лічбы ад галоўнай спецыялісткі аддзела фізічнай культуры і турызму ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Анастасіі Алейнікавай. З рэлігійных аб’ектаў папулярныя таксама касцёл Святога Францыска Ксаверыя (Фарны) у Гродне і царква-крэпасць у Сынкавічах.
Сярод санаторыяў і курортаў у 2023 годзе ў топе па наведвальнасці былі размешчаны ў Гродзенскім, Дзятлаўскім і Лідскім раёнах, піша БелТА. Па прамысловым турызме лідзіруе Лідскі раён.
Экатурызм у трэндзе
У сферы экатурызму перамагае Гродзенскі раён. Для сплаваў на байдарках у асноўным выбіраюць Вілію, Нёман, Шчару, Аўгустоўскі канал. У 2023 годзе адкрылі новы эколага-гістарычны маршрут «Сэрца Ліпічанскай пушчы» з экалагічнай сцежкай і інфармацыйнымі стэндамі з QR-кодамі. Праграма ўключае сплаў на байдарках па Шчары, сафары на пазадарожніках па пушчы, эколага-адукацыйную экскурсію і дэгустацыю зёлкавай гарбаты.
Больш за 5 тыс. чалавек за год выбралі экскурсію «Дотык да прыроды» з паездкай па вузкакалейцы на электрычнай мотадрызіне па заказніку «Азёры». Яе суправаджае прафесійны экскурсавод, які на прыпынках у пэўных пунктах расказвае пра флору і фауну заказніка.
У гродзенскай частцы Белавежскай пушчы ў Свіслацкім раёне таксама ладзяць сафары-туры, экстрым-туры па бездаражы і рэтрыт-туры з адпачынкам на прыродзе ў глэмпінгах і дамах-трохкутніках.
Усяго ж у Гродзенскай вобласці распрацавана больш за 300 турыстычных маршрутаў.
Чытайце таксама: Аграсядзіб у Гродзенскім раёне стала ўдвая менш: як дабівалі квітнеючую сферу