Андрэй Барбашынскі - заснавальнік кампаніі «Белабедзінг», якая вырабляла матрацы ў свабоднай эканамічнай зоне «Гроднаінвест» — збіраўся стаць дэпутатам Гарадзенскага абласнога савета. У 2020 годзе ён быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі, а пазней выступаў у дзяржаўных газетах і прапагандысцкіх тэлепраграмах. Але гэта не дапамагло — па нейкай прычыне яго не зарэгістравалі кандыдатам.
У падтрымку Барбашынскага сабралі подпісы, правялі збор працоўнага калектыва для яго вылучэння. Бізнесмен падаў дакументы на рэгістрацыю, як намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола, але ў апошні момант нешта пайшло не так, заўважыла «Наша ніва».
Сапраўды, Андрэй Барбашынскі ёсць у спісе вылучаных у кандыдаты, але адсутнічае ў спісе зарэгістраваных кандыдатаў. Зараз Ашмянская выбарчая акруга № 28, дзе ён вылучаўся, будзе адзінай безальтэрнатыўнай. Там дэпутатам Гродзенскага абласнога савета стане адзіны кандыдат — Вольга Барысенка-Рабко, загадчыца сектара культуры Ашмянскага райвыканкама, член Камуністычнай партыі.
Андрэй Барбашынскі - бізнесмен родам з Ашмян, у мінулым паспяховы гандбаліст. Гуляў у мінскім СКА, у клубах з Іспаніі, Венгрыі і Германіі. У 1992 годзе стаў алімпійскім чэмпіёнам у складзе зборнай СНД. Ганаровы грамадзянін Ашмян, спартыўная школа там носіць яго імя.
У 2006 годзе, ужо скончыўшы спартыўную кар’еру, адкрыў у Новай Гожы пад Гроднам на тэрыторыі СЭЗ «Гроднаінвест» сумесную беларуска-нямецкую фабрыку матрацаў і падушак «Белабедзінг», якой нязменна кіраваў. Яго партнёрам была нямецкая кампанія Fey&Co, якая амаль 100 гадоў займаецца вытворчасцю матрацаў. Праўда, у траўні 2022 з поўнай назвы юрасобы знікла слова «замежнае» — мабыць, нямецкі інвестар сышоў. У верасні 2023 года на «Белабедзінг» змяніўся дырэктар. А з кастрычніка прадпрыемства наогул знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі па рашэнні ўласніка.
Верагодна, гэта звязана з праблемамі на еўрапейскім напрамку. Вытворчасць заўсёды была экспартна арыентаванай. Вядома, што ў 2010-х да 80−90% прадукцыі ішло на экспарт, у асноўным у Заходнюю Еўропу. Хаця афіцыйны прадстаўнік «Белабедзінг» ёсць і ў Расіі і нейкую частку прадукцыі прадавалі там.
Звязаныя з санкцыямі супраць Беларусі праблемы Барбашынскі прызнаваў у інтэрв'ю ў траўні 2023 года. Ужо тады штат фабрыкі «Белабедзінг», дзе раней працавала да 200 чалавек, моцна скараціўся.
«10 адсоткаў на расійскім і беларускім рынку — вельмі мала, каб утрымліваць такое прадпрыемства. Страцілі вялікую колькасць супрацоўнікаў. У нас кваліфікаваныя працаўнікі, шкада іх страціць. Нікога не асуджаю — карміць сем'і трэба. Калі адновім вытворчасць у ранейшым рэжыме, хаця б як год таму, многія вернуцца», — расказваў тады Барбашынскі. Вярнуць ранейшыя аб’ёмы вытворчасці так і не ўдалося.
Чытайце таксама:
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Андрэй Барбашынскі быў даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі. Потым стаў чальцом выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта (ім кіруе Віктар Лукашэнка).
Менавіта ў 2020 годзе ён пачаў выказвацца ў падтрымку існуючай улады і супраць нязгодных з ёй. «Я не палітык і не чыноўнік, а ўсяго толькі чалавек са сваёй пазіцыяй і магу свабодна яе выказаць», — казаў ён са старонак «Гродзенскай праўды» у тэксце, у якім крытыкаваў спартоўцаў, якія выказаліся супраць беззаконня ў краіне.
Барбашынскі ў інтэрв'ю той жа «Гродзенскай праўдзе» ў 2021 годзе падтрымліваў інтэграцыю з Расіяй, разважаў, што ў міграцыйным крызісе на межах Беларусі вінаватыя краіны Еўрасаюза, а еўрапейскія палітыкі вінаватыя ў росце коштаў не энергарэсурсы. У 2022 — падтрымаў ўварванне Расіі ва Украіну.
У красавіку 2023 года ён публічна падтрымаў размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі. «Вось што сказаў прэзідэнт? Ён сказаў усё тое, аб чым мы думаем. Ніхто не зможа дапоўніць. Ён абсалютна мае рацыю. Такіх прэзідэнтаў, асоб, глыб на сённяшні дзень вельмі мала. І калі яны ёсць, то на розум прыходзяць вялікая магутная Расія, вялікі магутны Кітай. Думаю, тром лідарам гэтых дзяржаў было б цікава паразмаўляць разам», — нахвальваў ён Лукашэнку, Пуціна і Сі Цзіньпіна.
Праз месяц для «СБ. Беларусь сегодня» Барбашынскі сказаў: «Калі спатрэбіцца, я гатовы ўзяць у рукі аўтамат і стаць побач плячом да пляча з прэзідэнтам. […] Я, дарэчы, і мае блізкія падтрымлівалі Аляксандра Рыгоравіча заўсёды, за што падвяргаліся жорсткаму цкаванню з боку ілжэапазіцыянераў».
Аднак такая вернасць чамусьці не дапамагла Барбашынскаму стаць дэпутатам нават абласнога савета.
Праверце пасля выбараў: Склалі верагодны спіс дэпутатаў па Гродзенскай вобласці
У Гродне запланавалі бягучы рамонт авальнай залы ў Новым замку. Работы завершаць да канца снежня.…
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Янкі Купалы месцы ёсць для 82,1% тых, каму яны патрэбны,…
Турыстка прыехала ў Гродна і хацела сфатаграфавацца на фоне вядомай гродзенскай фотазоны - гродзенскага ўніверсітэта,…
Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт вызначыў месцы, дзе ў Гродне забаронена збіраць подпісы выбаршчыкаў за вылучэнне…
Карціну з выявай помніка Антонію Тызенгаўзу ў гродзенскім Фарным касцёле выставілі на польскі аукцыён Onebid.…
На Карла Маркса, 10 з'явілася чайхана "Халяль" - з мантамі, пловам і лавашам з тандыра.…