Расійскі цэнтр культуры і навукі хочуць адкрыць у Гродне да Дня адзінства народаў Расіі і Беларусі 2 красавіка. Ён стане ўжо чацвёртым у Беларусі.
Пра адкрыццё новага «Русского дома» ў Беларусі распавёў на прэс-канферэнцыі кіраўнік Россупрацоўніцтва Яўген Прымакоў, піша «Медиазона». Такія цэнтры ўжо ёсць у Мінску, Брэсце і Гомелі.
Год таму ў Гродне адкрылі генеральнае консульства Расіі. Пад яго адвялі будынак былога дзіцячага садка для дзяцей з разладамі аўтыстычнага спектру на вуліцы Цаглянай 2/2, непадалёк ад Каложскага парку і Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Гэта другое генконсульства Расіі ў Беларусі. Першае, у Брэсце, працуе з 1994 года.
Чым займаюцца «Русские дома» ў Беларусі?
Пасля 2020 года іншыя грамадскія арганізацыі церпяць ад ціску беларускіх уладаў і не маюць магчымасці гэтак жа свабодна працаваць у Беларусі. На гэтым фоне «Русские дома» могуць мець вялікі ўплыў на беларусаў з дапамогай «мяккай сілы», тлумачыў сацыёлаг Аляксей Ластоўскі «Медиазоне».
«Русский дом» у Мінску існуе 12 гадоў. У сферы інтарэсаў арганізацыі дэкларуюцца культурныя, адукацыйныя і гуманітарныя праекты. «Русские дома» ў Беларусі знаходзяцца ў распараджэнні Россупрацоўніцтва — Федэральнага агенцтва па справах Садружнасці Незалежных дзяржаў, суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве.
Чытайце таксама: Замкі разбураць не будуць, але назвы вуліц «пачысцяць». Як могуць уніфікаваць гісторыі Беларусі і Расіі
У 2022 годзе «Русский дом» у Мінску займаўся арганізацыяй мерапрыемстваў па папулярызацыі рускай культуры і мовы. У Гомелі па праграме «Прывітанне, Расія» і «Новае пакаленне» адпраўлялі дзяцей і моладзь на розныя мерапрыемствы ў расійскія гарады — і ў акупаваны Крым, парушаючы міжнароднае заканадаўства. «Русский дом» у Брэсце праводзіў сустрэчы жаночага клуба «Берагіня» для пенсіянераў і збіраў падарункі для сем’яў, у тым ліку з ЛДНР і акупаваных Расіяй Херсонскай і Запарожскай абласцей, праводзіў выставы пра Сталінград. Таксама «Русские дома» агітуюць беларускіх школьнікаў паступаць у расійскія ВНУ па квотах.
Чытайце таксама: У школе Гродна збіраюць прысмакі для дзяцей Данбаса. Ініцыятар — фонд прарасійскага актывіста Талая