Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі 25 студзеня 2024 года праверылі гродзенскія маршруткі. Аднаго кіроўцу прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за перавозку пасажыраў звыш нормы — стоячы, паведаміў тэлеканал «Гродна Плюс».
Правіла перавозкі пасажыраў кіроўцы маршрутак выконваюць паміж 11:00 і 16:00, расказаў тэлеканал. А вось ранкам і вечарам, у больш загружаны час, некаторыя кіроўцы бяруць у салон пасажыраў звыш нормы. У такім выпадку людзі едуць стоячы, што забаронена правіламі перавозкі пасажыраў.
Аднаго з кіроўцаў у час рэйду аштрафавалі, бо ён ужо раней такім жа чынам парушаў правілы перавозак.
За перавозку пасажыра стоячы кіроўцу пагражае штраф да чатырох базавых велічынь — да 160 рублёў.
Кіроўцы маршрутак просяць аб зменах
Падчас рэспубліканскай нарады, якая адбылася 19 студзеня 2024 года, перавозчыкі папрасілі чыноўнікаў унесці змены ў зканадаўства і дазволіць вазіць пасажыраў не толькі седзячы. Маўляў, перавозчыкі разумеюць, што паездка стоячы — парушэнне, але адмовіць пасажыру, які зайшоў у салон, не могуць. А калі кіроўцаў штрафуюць, то пасажыраў, якія едуць стоячы, не высаджваюць.
На думку кіроўцаў, перавозку стоячы варта дазволіць для прыгарадных паездак, а для гарадскіх перавозак варта зрабіць больш гнуткі падыход. Для міжгародніх перавозка пасажыраў стоячы павінна быць забаронена.
Чыноўнікі паабяцалі перавозчыкам разглядзець гэтую прапанову.