Следчы камітэт Беларусі распачаў спецвытворчасць у дачыненні да 20 аналітыкаў і даследчыкаў. Сярод іх гродзенка Алеся Руднік.
Паводле СК, аналітыкі нібыта прымалі актыўны ўдзел у выпрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, а таксама садзейнічалі ўзбуджэнню сацыяльнай варожасці і варажнечы ў грамадстве.
У чым абвінавачваюць гродзенку
Алесю Руднік абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
- ч.6 і арт.16 (саўдзел у злачынстве) і ч.4 арт.130 (распальванне варажнечы);
- ч.1 арт. 357 (змова альбо іншыя дзеянні зробленыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады);
- ч.6 і арт.16 (саўдзел у злачынстве) і ч.3 арт 361 (прызыў да санкцый);
- ч.3 арт.361−1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім).
Спецыяльную вытворчасць следчыя пачалі 24 студзеня 2024 года. Алесі Руднік неабходна з’явіцца ў Мінск ва ўпраўленне Следчага камітэта.
Хто яшчэ патрапіў у спіс абвінавачаных
- Рыгор Астапеня,
- Філіп Біканаў,
- Аляксандр Дабравольскі,
- Юрый Дракахруст,
- Андрэй Казакевіч,
- Ганна Красуліна,
- Яўген Крыжаноўскі,
- Дзяніс Кучынскі,
- Вераніка Лапуцька,
- Аляксандр Лагвінец,
- Ганна Любакова,
- Васіль Навумаў,
- Марыя Рогава,
- Пётр Рудкоўскі,
- Наталля Рабава,
- Павел Усаў,
- Таццяна Чуліцкая,
- Аляксандр Шлык,
- Кацярына Шмаціна.
Усе яны — вядомыя беларускія палітолагі, сацыёлагі, аналітыкі, універсітэцкія выкладчыкі, аўтары шматлікіх даследаванняў. Працуюць у розных аналітычных і даследчых цэнтрах, універсітэтах.
Хто такая Леся Руднік
Алеся Руднік — нарадзілася і вырасла ў Гродне, жыве ў Стакгольме. Скончыла ЕГУ па накірунку «Паліталогія», у Швецыі атрымала дзве магістарскія ступені: па паліталогіі і журналістыцы. Дактарантка Карльстадскага ўніверсітэта (Швецыя), дырэктарка і даследчыца Цэнтра новых ідэй. Былая старшыня грамадскага аб’яднання «Беларусы Швецыі». Даследуе лічбавую палітыку ў аўтакратыях і яе ўплыў на дэмакратызацыю, уключаючы мабілізацыю праз сацыяльныя сеткі.
У красавіку 2022 года Алеся Руднік стала першай беларускай, якая атрымала ўзнагароду «Еўрапеец года 2022». Прэмію заснаваў у 1995 годзе Шведскі еўрапейскі рух. Яе ўручаюць асобам, якія маюць сталыя сувязі са Швецыяй і якія ўнеслі ўклад у развіццё супрацоўніцтва паміж народамі Еўропы для ўмацавання міру і свабоды, культурнага ўзаемаразумення і сацыяльнай згуртаванасці.
Чытайце таксама: Без абцасаў з Лесяй і Ланай Руднікамі. Леся расказала аб сваёй працы, а Лана — як расла дзяўчынка, што сёлета стала «Еўрапейцам году»