Новае пажарнае дэпо ў мікрараёне Грандзічы будзе гатовае ў траўні 2024 года. Раней казалі, што адкрыццё адбудзецца 19 студзеня 2024 года. Зараз будаўнікі займаюцца ўнутранным аздабленнем будынка, паведаміў тэлеканал «Гродна Плюс».
Што будзе ў новым дэпо
Падчас будаўніцтва выкарысталі вопыт аналагічных падраздзяленняў. Напрыклад, змянілі планіроўку памяшканняў для камфортнай працы супрацоўнікаў. Таксама змянілі ўладкаванне і асвятленне гаража.
Асноўная частка дэпо — гараж з аварыйна-ратаўнічай тэхніках. Там будзе адбывацца змена-здача дзяжурства. Побач з гаражом размяшчаецца блок забеспячэння гаспадарчых умоваў падраздзялення і правядзення заняткаў. На вуліцы размясцілі спартыўную пляцоўку. Акрамя гэтага, ёсць вежа для заняткаў па аварыйна-ратаўнічай падрыхтоўцы.
У дэпо будзе човен для ратаванняў на вадзе
Падраздзяленне з 46 ратаўнікоў будзе абслугоўваць гродзенскія мікрараёны Грандзічы і Дзевятоўка. Таксама пад іх кантролем будзе больш за 60 населеных пунктаў Гродзенскага раёна. Штосуткі на дзяжурстве будуць дзве аўтацыстэрны і аўталесвіца. Таксама ў дэпо чакаюць пастаўку прычэпа з чоўнам і маторам, каб забяспечваць групы ратавання на вадзе.
Планавалі адкрыць у студзені
Новую пажарную частку планавалі адкрыць у Дзень ратаўніка — 19 студзеня 2024 года. Пра гэта ў кастрычніку 2023 года паведаміў тэлеканал АНТ. Тады ж казалі, што на станцыі будуць працаваць 30 чалавек.
Чытайце таксама: У Свіслачы не хапае ратавальнікаў: здаецца, шукаюць цэлую змену
Чаму частку будуюць у Грандзічах
Пра будаўніцтва новай аварыйна-ратавальнай станцыі ў Грандзічах стала вядома ў траўні 2018 года. Месца выбралі ў сувязі з развіццём інфраструктуры і пашырэннем мікрараёна, якому трэба гарантаваць пажарную бяспеку. У перспектыве ў Грандзічах будуць жыць не менш за 60 тыс. чалавек.
Будаўніцтва пажарнай часткі адбываецца ў лесе, на тэрыторыі былой базы падраздзялення 1-га зенітна-ракетнага палка, побач з вуліцай Віктара Саяпіна. Дзеля будаўніцтва на тэрыторыі былой вайсковай часткі засыпалі пруд. Падчас працаў выкарысталі грунт з будаўніцтва дарог у жылым мікрараёне. Побач пракладаюць участак будучай кальцавой аўтамагістралі.
Колькі грошай сышло на будаўніцтва
На будаўніцтва базы гарадской службы МНС планавалі выдаткаваць 1,2 млн рублёў. Такая сума была закладзена ў абласной інвестыцыйнай праграме. У планах была, між іншым, закупка трансфарматарнай падстанцыі для аб’екта цаной больш за 380 тыс. рублёў. Грошы планавалі браць з абласнога бюджэту.