Ваявода куяўска-паморскі Міхал Штыбель звярнуўся да адпаведных польскіх органаў, каб яны прыпынілі дэпартацыю з Польшчы беларускага актывіста Паўла Юшкевіча родам з Гродзеншчыны да моманту, калі яго справу вырашыць Ваяводскі адміністрацыйны суд. Пра гэта расказала для Radio PiK прэс-сакратарка ваяводы Наталля Шчарбіньска.
«Пан Юшкевіч абскардзіў у кіраўніка Упраўлення па справах замежнікаў рашэнне аб ануляванні яго дазволу на сталы побыт, які выдаў яшчэ ваявода Мікалай Багдановіч [папярэдні ваявода, прызначаны на 2015−2023 гады ўрадам „Права і Справядлівасці“ — Hrodna.life]. Аднак рашэнне засталося ў сіле і 1 снежня 2023 пан Юшкевіч абскардзіў гэта рашэнне ў Ваяводскім адмінітрацыйным судзе», — расказала прэс-сакратарка ваяводы. Справу Паўла Юшкевіча зараз разглядае суд.
Грамадскі актывіст і выкладчык Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні Павел Юшкевіч жыве ў Польшчы 20 гадоў. Ён родам з Васілішак Гродзенскай вобласці, з польскай сям'і. Ён прыехаў у Польшчу адразу пасля школы, ва ўзросце 17 гадоў. Больш за 10 гадоў таму, калі ён падаў дакументы на атрыманне польскага грамадзянства, Агенцыя унутранай бяспекі (ABW, польская спецслужба) выдала наконт яго меркаванне, што ён можа пагражаць бяспецы польскай дзяржавы.
Чытайце таксама: Адвакат-міжнароднік Алесь Міхалевіч расказаў, чаму спецслужбы еўрапейскіх краін блакуюць грамадзянства беларусам
У падтрымку Юшкевіча 17 студзеня прайшла акцыя ў цэнтры Торуні. Чарговая такая акцыя пройдзе ў Быдгашчы ў нядзелю 21 студзеня. Падтрымлівае Юшкевіча акадэмічная супольнасць Універсітэта Мікалая Каперніка і кіраўнік гарадской рады Торуні. Калі рашэнне па справе Юшкевіча не зменіцца, 5 лютага ён павінен будзе пакінуць Польшчу.