Лідчанку аштрафавалі за фота БЧБ-сцяга ў «Аднакласніках», а лідчаніна — за налепку ва ўласнай кватэры. Брэсцкага палітвязня Паўла Рэзановіча перавялі на турэмны рэжым. Беларускія спецслужбы вымусілі зачыніцца каля 10 камерцыйных устаноў, дзе вывучалі польскую мову. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 8 па 14 студзеня.
Судзілі прыбіральшчыцу, слесара і дырэктара
Каля 35 судовых рашэнняў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Смаргоні, Гродне, Навагрудку, Лідзе, Зэльве, Ашмянах. Рашэннем суда сталі штрафы на 15−30 базавых велічынь і 10 сутак арышту.
Лідчаніна аштрафавалі на 50 базавых за БЧБ-налепку ў кватэры
Жыхар Ліды наляпіў на дзверы ў калідоры сваёй кватэры налепку з бел-чырвона-белым сцягам. Гэтым ён нібыта ўзяў удзел у пікетаванні без дазволу выканкама. Верагодна, налепку ўбачылі супрацоўнікі РАУС — яго рэгулярна наведваюць, таму што мужчына ўжо судзімы.
Беларускія спецслужбы вымусілі зачыніцца каля 10 камерцыйных устаноў, дзе вывучалі польскую мову
Кіраўніцтва затрымліваюць, ад супрацоўнікаў патрабуюць спісы выкладчыкаў і студэнтаў, якім пагражае пераслед, паведамляе polskieradio.pl са спасылкай на Dziennik Gazeta Prawna.
З ліпеня 2023 года ўлады Беларусі патрабуюць ад грамадзян паведамляць аб наяўнасці віду на жыхарства, пашпарты іншай краіны і іншых дакументаў, выдадзеных іншымі дзяржавамі. Дзяржслужачыя наогул не могуць мець «карту паляка».
37-гадовага праграміста з Гродна асудзілі за каментары на чатыры гады калоніі
Ён размяшчаў каментары, якія нібыта змяшчаюць паклёп і абразы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і нібыта заклікаў у паведамленнях да захопу дзяржаўнай улады і гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу ў краіне. У жніўні 2020 года ён двойчы пераводзіў асабістыя зберажэнні на рахункі «экстрэмісцкіх фарміраванняў».
Хлопца затрымалі ў траўні 2023 года. Ён распавёў, што не планаваў прадпрымаць якія-небудзь дзеянні для звяржэння ўлады, пісаў свае каментары без нейкіх намераў.
Хлопца судзілі па шэрагу артыкулаў КК:
- ч. 1 арт. 130 «Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай, іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце нацыянальнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці»;
- ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 342 КК «Падрыхтоўка да арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»;
- арт. 361−2 (у рэдакцыі Закона
ад 20.04.2016 № 358-З «Прадастаўленне грашовых сродкаў, любым спосабам для свядомага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»; - ч. 1 арт. 367 «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»;
- ч. 2 арт. 367 «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»;
- ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»;
- ч. 2 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Артыкулы супадаюць з тымі, па якіх у Гродне судзілі Аляксандра Яшкіна. Яго пачалі судзіць 11 снежня 2023 года ў Гродзенскім абласным судзе, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Лідчанку аштрафавалі за фота БЧБ-сцяга ў «Аднакласніках»
Фота БЧБ-сцяга ў незакрытым акаўнце ў «Аднакласніках» палічылі пікетаваннем. 26 снежня 2023 года ў судзе Лідскага раёна мясцовую жыхарку за гэта паводле арт.24.23 ч. 1 КаАП аштрафавалі на 30 базавых адзінак (1100 рублёў), паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Затрыманні ў ДЛГУ «Лідскі лясгас»
Сілавікі паведамілі пра затрыманні ў дзяржаўнай лесагаспадарчай установе «Лідскі лясгас». Колькасць затрыманых не назвалі.
Новыя «экстрэмісты»
Мінін Юрый Аляксандравіч 12 студзеня папоўніў спіс «экстрэмістаў».
Брэсцкага палітвязня Паўла Рэзановіча перавялі на турэмны рэжым
Цяпер ён утрымліваецца ў гродзенскай турме № 1, піша «Радыё Свабода». Зняволенага перавялі ў крытую турму ў снежні 2023 года. Паўла прысудзілі да 19 гадоў пазбаўлення волі і вялізнага штрафу (25 600 рублёў) у рамках «справы Аўтуховіча».
Пасля масавых затрыманняў у інстытуце раслінаводства ў Шчучыне змяніўся дырэктар
Ужо былы дырэктар Гродзенскага занальнага Інстытута раслінаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Шчучыне Сяргей Шэўчык больш не працуе ва ўстанове. Крыніца Hrodna.life сцвярджае, што яго «знялі» пасля масавых затрыманняў.
«Затрымалі на святы». У Гродне працягваюцца затрыманні за падпіску на Instagram Руслана Кулевіча
Журналісту з Гродна Руслану Кулевічу стала вядома яшчэ пра адзін выпадак затрымання за падпіску на яго асабісты Instagram. Раней яго асабістыя сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пасля гэтага да падпісантаў пачалі прыходзіць.
Настаўнік з Гродзенскага раёна сабраўся ісці на павышэнне. Яго «праверылі» сілавікі - і затрымалі
Работнік сферы адукацыі ў Гродне збіраўся ісці на павышэнне. Яго затрымаў ГУБАЗ — знайшлі наведванні мітынгаў і адпраўку інфармацыі пра супрацоўніка міліцыі ў Telegram-канал «Черная книга Беларуси». Чацвёра сілавікоў напалі на гродзенца, пакуль ён ішоў па вуліцы. Паводле інфармацыі Hrodna.life, затрыманы — Арцём Кабылянскі, настаўнік англійскай і нямецкай моў у Абухаўскай сярэдняй школе імя І.П. Сянько, класны кіраўнік, раней працаваў у сярэдняй школе ў Індуры і ў СШ № 37 у Гродне.
Арцём Кабылянскі выйшаў на волю са штрафам у 30 базавых велічынь (1200 рублёў).
2500 «экстрэмісцкіх» крымінальных спраў узбудзілі ў Гродзенскай вобласці за 3,5 года
Больш за 2500 крымінальных спраў экстрэмісцкай накіраванасці распачалі ў Гродзенскай вобласці са жніўня 2020 года. Большасць зарэгістравана ў Гродне і буйных раённых цэнтрах — Лідзе, Ваўкавыску. Пра гэта распавялі «Гродзенскай праўдзе» ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці.
У Гродне за падпіску аштрафавалі дырэктара буйнога шынамантажу
За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Гродне аштрафавалі дырэктара прыватнай фірмы. Мяркуючы па матэрыялах справы, гэта Аляксандр Марук, дырэктар шыннага цэнтра «R13». Паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП яго аштрафавалі ў судзе Ленінскага раёна Гродна.