Беспілотнікі альбо канфіскоўвалі з-за правапарушэнняў, альбо знаходзілі, прызнавалі безгаспадарнымі і звярталі ў абарот дзяржавы. Хтосьці нават спрабаваў завезці дрон з-за мяжы — і адмовіўся ад маёмасці. Як мінімум 15 рашэнняў судоў Гродзенскай вобласці за 2023 год з’явіліся ў банку судовых рашэнняў. Шэсць з іх былі да верасня 2023 года, калі быў прыняты закон аб забароне, астатнія — пасля.
Як канфіскуюць знойдзеныя беспілотнікі?
Напрыклад, пагранічны атрад знаходзіць на ўчастку пагранічнай заставы ў пагранічнай паласе беспілотны лятальны апарат. Некаторыя з іх — саматужнай вытворчасці. Выявіць уласніка яны не лічаць магчымым. Таму складаюць пратакол, адбіраюць беспілотнік, ставяць на першасны ўлік і захоўваюць у вайсковай частцы. Потым — заяўляюць у суд аб прызнанні маёмасці безгаспадарнай і звароце яе ў абарот дзяржавы.
Таксама такія заявы адпраўляюць воінскія часткІ. Напрыклад, вайсковая частка 2044 так звярнула ў абарот дзяржавы квадракоптэр коштам 8000 рублёў — зваротаў па факце знікнення прылады не паступала.
Усе суды задаволілі заявы. Такія суды прайшлі ў Лідзе, Смаргоні, Гродне. Тым жа спосабам у Лідзе забралі IP камеру.
Як правіла, знаходжанне квадракоптара ў памежнай паласе трактуецца як правапарушэнне паводле арт.24.19. «Парушэнне памежнага рэжыму» — за гэта можа пагражаць да 150 базавых велічынь штрафу (5550 рублёў, параўнальна з коштам квадракоптара).
Бонусам да беспілотніка — цыгарэты
Беспілотнікі знаходзяць і ў лесе і ў прыгранічных вёсках. Напрыклад, у лесе памежнай зоны вынялі квадракоптар, 15 батарэй, ноўтбук, пульт кіравання, пераносную радыёстанцыю, чатыры скруткі з цыгарэтамі, мабільны тэлефон, зарадную прыладу ад ноўтбука, антэну з провадам. Усё гэта адышло дзяржаве па рашэнні суда Кастрычніцкага раёна Гродна.
А ў памежнай паласе знайшлі беспілотнік з 200 пачкамі цыгарэт з беларускімі акцызамі — таксама адышло дзяржаве.
Тры беспілотнікі знайшлі пры аглядзе дома
Падчас вядзення адміністрацыйнага працэсу ў дачыненні да трох жыхароў Лідскага раёна вайскоўцы ў доме знайшлі тры квадракоптары, дзясяткі акумулятараў і зарадкі. Іх канфіскавалі. «Зацікаўленыя асобы супраць патрабаванняў не пярэчаць. На маёмасць не прэтэндуюць», — напісалі ў рашэнні суда.
Квадракоптар спрабавалі завезці ў Беларусь
Беларус увозіў квадракоптар праз пункт пропуску і паспрабаваў яго задэклараваць. Мужчына напісаў заяву аб адмове ад канфіскаванага ў яго тавару. Яго перадалі на склад мытні. Суд Кастрычніцкага раёна ў будынку Гродзенскай рэгіянальнай мытні прызнаў беспілотнік безгаспадарным і звярнуў яго ў даход дзяржавы.
Кагосьці злавілі - у тым ліку з цыгарэтамі
Беларус быў з беспілотнікам у памежнай зоне паміж Беларуссю і Польшчай. Паводле ч. 2 арт. 24.19 КаАП «Парушэнне памежнага рэжыму» намеснік камандзіра вайсковай часткі аштрафаваў яго на 39 базавых адзінак (1 443 рублі). Беларус спрабаваў аспрэчыць справу ў судзе, але суд не стаў на ягоны бок. Аб канфіскацыі беспілотніка не гаворыцца.
Іншы беларус знаходзіўся на мяжы і спрабаваў з дапамогай беспілотніка пераправіць у Літву 1518 пачкаў цыгарэт. Па арт. 15.1 ч.1 КаАП яго аштрафавалі на 15 базавых велічынь (555 рублёў) з канфіскацыяй канфіскаваных тавараў — у тым ліку беспілотніка. Мужчына заявіў, што не перапраўляў цыгарэты — у яго быў збой у праграмным забеспячэнні і села батарэя. Ён сказаў, што не знаходзіўся ў памежнай паласе і хацеў пратэставаць і праверыць грузападымальнасць беспілотніка. А словы пра тое, што да гэтага тры разы ён перапраўляў цыгарэты ў Літву — гэта ён сябе агаварыў.
Чытайце таксама: Гродзенскія пагранічнікі знайшлі ў вёсцы дрон: палічылі безгаспадарным і звезлі. Што сказаў суд?
Дроны ў Беларусі пад забаронай
Паводле закона 28 верасня 2023 беларусам забаронена карыстацца і валодаць дронамі. Забарона існуе на ўвоз, эксплуатацыю і выраб фізічнымі асобамі беспілотнікаў. Карыстацца дронамі зараз могуць толькі арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Фізічныя асобы могуць перадаць беспілотнікі арганізацыям або на захоўванне «ва ўпаўнаважаную арганізацыю». Гэта робяць для «забеспячэння грамадскай бяспекі». Прапагандысты прапануюць дарыць дроны сілавікам.