Навіны

Мінкульт спагнаў з «Лідскага піва» амаль 8 мільёнаў рублёў

7 866 150 рубля і 94 капейкі праз эканамічны суд Гродзенскай вобласці спагнала з ААТ «Лідскае піва» Міністэрства культуры. Гэтая сума — адлічэнні за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на ахоўныя зоны з 2019 па 2022 год. На тэрыторыі завода ёсць будынкі, прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

На тэрыторыі ААТ «Лідскае піва» размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць катэгорыі «3». У яе склад уваходзяць будынак піваварства з гістарычным тэхналагічным абсталяваннем, будынак леднікоў, дом і фрагмент разліўні. Устаноўлены дзве зоны аховы:

  • ахоўная зона — уключае гістарычную ўнутрыдваровую завадскую тэрыторыю (0,2 га),
  • зона рэгулявання забудовы — у межах сучаснай тэрыторыі прадпрыемства (5,3 га).

Што паказала пазапланавая праверка на «Лідскім піве»?

На падставе прадпісання Камітэта дзяржкантролю ад 28.11.2022 на «Лідскім піве «правялі пазапланавую праверку — у тым ліку па пытанні выканання заканадаўства ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны за перыяд з 1 студзеня 2019 года па 20 студзеня 2023 года.

Падчас агляду 12 студзеня 2023 зафіксавалі прадпрымальніцкую дзейнасць у ахоўных зонах:

  • стварэнне дадатковых транспартных нагрузак,
  • выкананне работ, якія аказваюць непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурную каштоўнасць і на зоны аховы,
  • поўнае змяненне гістарычных функцый,
  • стварэнне дадатковых збудаванняў, уключаючы ўзвядзенне бакаў, металічных трубаправодаў.

Каля будынка, які мае культурную каштоўнасць, з’явіліся дадатковыя збудаванні. А яшчэ там усталявалі ганкі, вентыляцыі, трубаправоды. Гэта ўсё ўздзейнічае на гістарычныя будынкі, лічыць Мінкульт.

Што кажуць уладальнікі?

Суд пачаўся 16 кастрычніка 2023 года. Адказчык, «Лідскае піва», не адмаўляў, што вёў прадпрымальніцкую дзейнасць. Але сцвярджаў, што Мінкульт не даказаў уздзеянне гэтай дзейнасці на зоны аховы.

Згодна з законам, за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая аказвае непасрэднае ўздзеянне на гісторыка-культурную каштоўнасць і зоны аховы, трэба заплаціць. Пры гэтым ўздзеянне не абавязкова павінна насіць негатыўны характар — пра гэта не сказана ў законе.

Адказчык сцвярджаў, што акт праверкі, які кажа пра ўздзеянне, нельга распаўсюджваць на папярэднія гады. Але суд палічыў, што дадзенае ўздзеянне было з 2019 года.

Паменшыць суму згодна з уласным разлікам у «Лідскага піва» таксама не атрымалася. Згодна з законам, памеры адлічэнняў складаюць для юрыдычных асоб 5% ад прыбытку, атрыманага ў выніку дзейнасці, якая аказала ўздзеянне на ІКТ.

Таму ўзялі разлікі істца — 7 352 592 рублёў. Таксама за несвоечасовыя адлічэнні налічылі пені ў суме 513 558,94 рублёў за перыяд з 11 лютага 2020 года па 2 лістапада 2023 года. А яшчэ «Лідскае піва» заплаціць дзяржпошліну. Адказчык сцвярджаў, што Мінкульт прапусціў тэрмін іскавай даўнасці па патрабаванням аб выплаце адлічэнняў і няўстойкі за 2019 год. Суд з ім не пагадзіўся — заканадаўствам падлік тэрміну іскавай даўнасці звязаны толькі з адной акалічнасцю − з днём, калі асоба даведалася або павінна была даведацца аб парушэнні свайго права.

Не па Канстытуцыі?

Таксама «Лідскае піва» паспрабавала запярэчыць, што яны не павінны плаціць, паколькі такі абавязак усталявалі ўказам прэзідэнта, а не Канстытуцыяй або законам. Суд парыраваў, што прэзідэнт падпісвае ўказы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй.

Таксама суд не прыняў пазіцыю неназванага доктара юрыдычных навук і заключэнне эксперта, якія казалі аб адсутнасці ўздзеяння прадпрымальніцкай дзейнасці адказчыка на ІКЦ і зоны аховы і адсутнасці ў адказчыка абавязку па выплаце адлічэнняў.

Рашэнне эканамічны суд Гродзенскай вобласці вынес 2 лістапада 2023 года. Яно з’явілася ў банку судовых рашэнняў.

Рашэнне аспрэчылі

«Лідскае піва» спрабавала аспрэчыць рашэнне суда ў вышэйшай інстанцыі. Апеляцыйная інстанцыя эканамічнага суда Гродзенскай вобласці вырашыла прыняла рашэнне пакінуць скаргу без задавальнення, а рашэнне папярэдняй інстанцыі — без зменаў.


«Лідскае піва» — піваварная кампанія, якая належыць фінскай кампаніі «Olvi». Выпускае 20 відаў піва, уключаючы крафт, а таксама ліманады, сідр, квас і ваду. У 2022 годзе на тэрыторыі завода — у тым самым гістарычным будынку, аб якім дбае Мінкульт — адкрыўся музей піваварства.

Пасля пачатку вайны ва Украіне кампанія Olvi абвясціла аб спыненні экспарту сваіх прадуктаў у Расію і выхадзе з бізнэсу ў Беларусі. Продажы «Лідскага піва» перашкодзіла тое, што прадпрыемства ўнеслі ў спіс актываў, на продаж доляй у якіх замежным уласнікам патрэбны дазвол беларускіх уладаў.

Акрамя іску ад Мінкульта, у пачатку 2023 года ўладальнікі атрымалі штраф ад Камітэта дзяржкантролю Беларусі — 35,8 млн рублёў. Ён роўны гадавы прыбытку прадпрыемства.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024

«Ледзь галаву не адрэзала». Байкеры ў лесе Гродна знайшлі пастку з дроту — у справу ўмяшалася міліцыя

Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…

20 лістапада 2024