У чэргах на мяжы з ЕС на некалькі сутак затрымаліся не толькі беларусы на аўто, якія вярталіся дамоў на святы. Аўтобусам з калядных еўратураў прыйшлося стаяць да 16 гадзін. Зараз чэргі меншыя за калядныя, але гэта не фінал.
Аўтобусы звычайна прапускаюць асобна. Большасць чакалі на мяжы «ўсяго» па 6−10 гадзін. Горш за ўсё прыйшлося 23 снежня — аўтобус адной з мінскіх турфірмаў прастаяў на мяжы 11 гадзін, другой — 14, трэці - 16. Кліенты іншага турагенцтва перад Калядамі прачакалі на межах 12−14 гадзін. Такая сітуацыя была і на літоўскай мяжы, і на польскай. Апошні аўтобус з Эўропы трэцяй кампаніі вярнуўся ў Мінск 23 снежня. Замест запланаваных 9 раніцы ён прыбыў у 17.00. Зараз час чакання для аўтобусаў паступова скарачаецца.
Звычайна турфірмы для выезду ў Польшчу і іншыя краіны Еўразвяза выбіраюць даты з мінімальнай загрузкай на мяжы, расказаў Sputnik прадстаўнік турагенцтва. Часцей за ўсё гэта буднія дні ў пачатку і ў сярэдзіне тыдня. Ёсць і пераднавагоднія выезды — 27, 28 і 29 снежня. У інфармацыі па туры тураператар падае і звесткі пра сітуацыю на мяжы. За суткі да выезду агенцтвы могуць змяніць час выезду праз загружанасць на пагранпераходзе. Яго могуць ссунуць на дзве-тры гадзіны раней, каб кампенсаваць чаканне ў чарзе. Да шматгадзіннага стаяння людзі маральна гатовы, гавораць у адной з турфірмаў. На сітуацыю ўплываюць вонкавыя фактары, напрыклад, раптоўная паломка кампутарнага абсталявання. А вось памежнікі на абодвух баках працуюць актыўна, адгукнуліся ў турфірме.
Тыдзень з 18 па 25 снежня Telegram-праект «ГраницаВУ Беларусь-ЕС» назваў самай складанай за год для вяртання ў Беларусь. Гэтымі днямі чэргі ў бок Беларусі для легкавых аўто склалі ад 40 да 60 гадзін.
Для легкавых аўто, якія занялі чаргу на мяжы 28 снежня, чаканне на польскім «Тэрэспалі» («Брэст») у бок Беларусі склала 14−15 гадзін. Беларускі бок афармляе хутка, калі машына выбірае «зялёны» канал, гавораць кіроўцы.
Афіцыйны польскі памежны рэсурс падае час чакання да пачатку афармлення. У пункце пропуску «Цярэспаль» па стане на раніцу 29 снежня яно складае 7 гадзін для легкавых аўто незалежна ад канала. Для аўтобусаў час чакання прагназуюць 1 гадзіну.
У літоўскім пункце пропуску «Райгардас» («Прывалка») праходжанне мяжы ў бок Літвы 28−29 снежня заняло 12 гадзін, столькі ж у «Лаварышкес» («Катлоўка»). У «Шальчынінкай» («Беняконі») мяжа заняла 14 гадзін. А вось у пункце «Мядзінінкай» («Каменны Лог») у бок Беларусі да шлагбаўма пункта пропуску раніцай 29 снежня чаргі не было ўвогуле.
Па сведчаннях беларусаў, якія вярталіся дадому, асноўная затрымка была менавіта на беларускім баку. Нашы мытнікі доўга і старанна правяралі рэчы, якія ўвозяцца — на некаторых пагранпераходах як на «чырвоным», так і на «зялёным» каналах. Акрамя таго не спыніліся допыты ад супрацоўнікаў КДБ, паглыбленыя надгляды людзей «па спісах» і затрыманні проста на мяжы за «экстрэмісцкія» рэпосты, знойдзеныя ў асабістых тэлефонах.
Беларускі дзяржпагранкамітэт у калядным калапсе на мяжы абвінаваціў Польшчу і яе закрытыя чатыры з пяці пунктаў пропуску, а таксама беларусаў, якія выбіраюць для перасячэння мяжы «чырвоны» калідор для дэкларавання.
У перадкалядныя і калядныя дні беларускі бок прыняў удвая больш машын, чым у папярэднія, канстатаваў Дзяржпагранкамітэт. На мяжы павялічылі колькасць змен кантрольных службаў.
Абапіраючыся на статыстыку мінулых гадоў, Telegram-канал, прысвечаны мяжы, папярэджвае аб росце чэргаў у бок Беларусі 29−30 снежня.
У 2023 годзе менш за ўсё машын з Беларусі ў Польшчу ўехала 10 лютага, а праз «Цярэспаль», ужо пасля закрыцця «Баброўнікаў» — 9 красавіка (на каталіцкі Вялікдзень).
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…