Навіны

Святы працягваюцца: калі яшчэ чакаць чэргаў на мяжы

Чэргі на мяжы з Еўразвязам беларусы мераюць не ў колькасці машын, а ў дзясятках гадзін. Дні напярэдадні каталіцкіх Калядаў уразілі стаяньнем у бок Беларусі па 40−60 гадзін. Калі яшчэ чакаць калапсу ў пунктах пропуску і ад чаго ён залежыць?

Прагнозы чэргаў на мяжы можна рабіць на аснове мінулых гадоў. Пры гэтым варта ўлічваць, што зараз на мяжы з ЕС працуе на чатыры пагранпераходы менш, чым год таму. Тыдзень з 18 па 25 снежня Telegram-праект «ГраницаВУ Беларусь-ЕС» называе самым складаным за год год для вяртання ў Беларусь. Пік чэргаў прыпадае на 22−25 снежня. У гэты перыяд канал рэкамендаваў уезд у Беларусь праз літоўскія ці латвійскія пункты — далей ад Польшчы. Чаканне ў «Тэрэспалі» («Брэст») і «Райгардас» («Прывалка») прагназавалі больш за суткі. Таксама папярэджвалі, што ў гэтыя дні будзе агульная чарга (для грамадзян ЕС) на выезд з Літвы. У гэты ж перыяд — з 22 да вечара 26 снежня выезд з Беларусі адносна свабодны.

Сапраўды, у чэргах сотні машын стаялі па двое сутак і больш, да 60 гадзін. Рэйсавыя аўтобусы таксама затрымліваліся. Пры ўездзе ў Беларусь вялікая затрымка адбываецца з беларускага боку: памежнікі праводзяць узмоцнены кантроль, патрабуюць выгружаць рэчы з машын і на «зялёным», і на «чырвоным» каналах, і старанна іх пераглядаюць. Не зніклі і паглыбленыя дагляды для людзей з «пратэстных» спісаў, допыты ад супрацоўнікаў КДБ з праглядам змесціва тэлефонаў для ўкраінцаў і беларусаў з замежнымі пашпартамі і відамі на жыхарства.

У апошнія дні даходзіла да жорсткіх канфліктаў паміж кіроўцамі ў чэргах. Людзі шукалі цёплыя рэчы, ежу. У польскай кавярні каля КПП засталася толькі вада і печыва, а ў чарзе ў туалет стаяла па 70−80 дзяўчат. Месцы ў чарзе на мяжу прадавалі па 300−500 у.а.

Якія чэргі на мяжы будуць у бліжэйшыя дні?

  • Увечары 26 і 27 снежня паволе прагнозаў канала аб мяжы вырасце чарга на выезд з Беларусі ў ЕС.
  • 29 і 30 снежня зноў павялічацца чэргі ў зваротным кірунку, з ЕС у Беларусь.
  • У другой палове дня 29 снежня і 30−31 снежня выезд з Беларусі будзе адносна свабодным.
  • 1 студзеня з Польшчы ў Беларусь і з Беларусі ў Польшчу ў 2022 і 2023 гадах выехала менш за ўсё машын.
  • 5−6 студзеня выезд з Беларусі будзе адносна хуткім. 6 студзеня ў Польшчы, куды многія едуць па пакупкі, выхадны (свята Трох Каралёў, або Багаяўленне).
  • 7 студзеня канал прадказвае вялізныя чэргі на выезд з Беларусі. Рэкамендуюць выбіраць латышскі пункт пропуску «Грыгароўшчына» («Патэрніекі»).

У 2023 годзе менш за ўсё машын з Беларусі ў Польшчу ўехала 10 лютага, а праз Цярэспаль, ужо пасля закрыцця «Баброўнікаў» — 9 красавіка (на каталіцкі Вялікдзень).

Што на мяжы зараз

26 снежня чэргі пачалі памяншацца, але ўсё роўна на праходжанне мяжы кіроўцы раяць закладваць суткі. Тыя, хто прайшоў літоўскую мяжу ў гэты дзень, у чарзе ў пункце «Катлоўка» («Лаварышкес») у бок Беларусі стаялі па 36−41 гадзіну. У «Беняконях» («Шальчынінкай») на 26 снежня праходжанне заняло «ўсяго» 20 гадзін. У «Каменным Логу» («Мядзінінкай») стаялі па 44 гадзіны толькі да пашпартнага кантролю з літоўскага боку.

На адзіным адкрытым на латышскай мяжы пункце пропуску «Патэрніекі» («Грыгароўшчына») у бок Беларусі 26 снежня чарга заняла 22−23 гадзіны.

Месца ў чарзе на адзіным адкрытым польскім пункце пропуску «Цярэспаль» («Брэст») прадаюць за 300 у.а., напісалі ў чаце мяжы. Затрымкі там рэзка выраслі з 23 снежня. Кіроўцы стаялі па 45 гадзін і ад роспачы сігналілі, каб прыцягнуць увагу памежнікаў да праблемы. Днём 26 снежня зрух там у бок Беларусі за 5 гадзін склаў 2 км. Кіроўцы пішуць, што стаяць па 30 гадзін і яшчэ не дабраліся да шлагбаума, і адзначаюць, што «палякі працуюць хутка, а далей затор». На аўтобусе мяжа ў бок Беларусі ў пасажыраў, якія падселі ў аўтобус ужо перад шлагбаумам, заняла 7 гадзін. У бок Польшчы мяжу аўтобус прайшоў за 1 гадзіну 45 хвілін.

«Прывалка» — самая павольная

Многія кіроўцы скардзяцца на бліжэйшы да Гродна пункт «Прывалка» («Райгардас»). У адным з чатаў, прысвечаных праходжанню мяжы, пра «Прывалку» пішуць як пра самы «павольны» пункт пропуску. Увечары 25 снежня ў чарзе там стаялі больш за 240 машын, час чакання быў больш за 50 гадзін.

«Рух ёсць, але па 20 м у гадзіну. На Беняконях за раз па 100 м за пару гадзін паўкіламетра праходзяць, а тут з ночы на ​​200 м прасунуліся», — напісаў адзін з карыстальнікаў чата ў 13.30 26 снежня. Раніцай 26 снежня ў чарзе з боку Літвы стаялі 160 легкавых машын. А вось з боку Беларусі праходжанне мяжы заняло ўсяго 3,5 гадзіны.

Некаторыя спрабуюць аб’ехаць чаргу. «Я адстаяў двое сутак. Цяпер стаю 6 перад шлагбаўмам. Па вопыце скажу што пакуль хтосьці тусуецца ля шлагбаўма з чаргі, то не лезуць па-за чаргой. Тры змены да гэтага часу былі нармальныя ахоўнікі і мы іх прыгаварылі запускаць па 10 машын, каб напружваць пагранцоў лт [літоўскіх — Hrodna.life]. І чарга рухалася нармальна. Цяпер заступіў ахоўнік, які пускае ўсіх з нагоды і без. Таму раю ісці ў пачатак і кантроліць. Учора пасля нашага паходу да начальніка змены пачалі працаваць хутчэй. Цяпер зноў вернецца і будзе 6 машын у гадзіну. Лічыце колькі часу страціце, калі ў гадзіну будуць лезці па тры па-за чаргой», — напісаў адзін з кіроўцаў пра «Прывалку» ў чаце 26 снежня.

Чытайце таксама: Дзяржпагранкамітэт стварыў Telegram-бот: можна глядзець чэргі і стварыць маршрут

Падзяліцца

Апошнія запісы

Два падлеткі са Слоніма атрымалі крымінальную справу — за што?

Два хлопцы са Слоніма, узростам 14 і 15 гадоў, атрымалі крымінальны артыкул за хуліганства, здзейсненае…

19 верасня 2024

Стала вядома, колькі будзе каштаваць кватэра ў новым мікрараёне «Вясенні»

Дом у раёне вуліц Каліноўскага і Вясенняй, які пачалі будаваць у пачатку верасня, плануюць здаць…

19 верасня 2024

Гродзенцы абурыліся з-за платнай паркоўкі ля адной з новабудоўляў - $ 2000 за месца

Канфлікт разгарнуўся вакол паркоўкі ў новым доме на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Гродзенцы абураны тым, што…

19 верасня 2024

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнес па вырошчванні дурніц

Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Пальніца, што ў 23 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка дзейнічае —…

19 верасня 2024

У Швейцарскай даліне з’явілася новая сцежка. Куды яна вядзе?

На ўчастку ад вуліцы Мітрапаліта Філарэта да прыпынку «Цэнтр занятасці» на вуліцы Дзяржынскага амаль скончылі…

18 верасня 2024

Прадзюсарскі цэнтр, які няўдала судзіўся з Бондаравай, абскардзіў рашэнне суда (абноўлена)

ТАА "Флагман М'юзік" не пагадзілася з адмовай у іску аб абароне дзелавой рэпутацыі да актывісткі…

18 верасня 2024