Навіны

Затрыманне ў Лідзе, забарона на перапіску, вызваленне палітвязня. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Сілавікі 22 снежня прыйшлі на «Лідахарчканцэнтраты» і затрымалі там пяць чалавек. У турме Жодзіна, дзе адбывае пакаранне палітвязень Дзяніс Івашын, увялі новыя правілы перапіскі. Вызваліўся палітвязень з Ліды Уладзімір Гемза. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 18 па 24 снежня.

Як мінімум сем рашэнняў за распаўсюд судоў сталі вядомыя на тыдні

Суды прайшлі ў Гродне. Гродзенцаў аштрафавалі на 12−30 базавых велічынь. Аднаго гродзенца за падпіску «ВКонтакте» на экстрэмісцкую супольнасць арыштавалі на 13 сутак. Судзілі непрацуючых, маці малалетніх дзяцей і медсястру, трох ІП.

Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка перавялі ў калонію і змясцілі ў ШІЗА

У судзе Ленінскага раёна Гродна з 10 жніўня па 1 верасня разглядалі новую крымінальную справу супраць Дзмітрыя. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы». Суддзя Наталля Козел прызначыла ў дадатак да паўтара года зняволення яшчэ адзін год і 15 дзён калоніі, паведамляе «Вясна».

Палітвязень ужо знаходзіцца ў аршанскай калоніі № 8. Адміністрацыя ўстановы змесціць Сушчыка ў ШІЗА, але тэрмін і прычыны — невядомы.

Дзяніс Сушчык. Фота: «Вясна»

Аляксандру Каско асудзілі на 10 гадоў калоніі

19 снежня ў Гродзенскім абласным судзе вынеслі прысуд Аляксандры Каско — 10 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».

Аляксандру абвінавачвалі па васьмі артыкулах КК, уключаючы стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных.

Аляксандру затрымалі 9 лютага, калі яна прыехала ў Беларусь.

Аляксандра Каско. Фота праваабаронцаў

Палітвязень Уладзімір Гундар зможа выходзіць на прагулкі ў магілёўскай турме

Яму дайшла пасылка з новымі наканечнікамі для мыліц. Пра гэта ён паведаміў 17 снежня падчас тэлефоннай размовы з сям’ёй, паведамляе brestspring.org.

На размову было ўсяго 15 хвілін. Уладзімір распавёў, што стан ягонага здароўя нармальны. Ён атрымлівае таблеткі. Прыйшла пасылка з наканечнікамі для мыліц, абуткам, бялізнай.

Раней паведамлялася, што ў Гундара сцерліся гумовыя наканечнікі мыліц і ён не мог выходзіць на прагулкі. Ва Уладзіміра Гундара ёсць інваліднасць праз адсутнасць адной нагі.

Уладзімір Гундар. Фота: «Вясна»

Вызваліўся палітвязень з Ліды Уладзімір Гемза

Уладзімір Гемза вызваліўся 2 лістапада 2023 года. Ён не атрымліваў лісты — нават ад сваякоў, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

Уладзіміра затрымалі ў студзені 2022. У красавіку 2022 года яго прысудзілі да двух гадоў калоніі па арт.130 КК за каментары ў Telegram.

Уладзімір Гемза. Фота: Telegram-канал «Суды задержания в Лиде»

Новая экстрэмісцкая інфармацыя

Суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці прызнаў экстрэмісцкім 12 снежня 2023 года Telegram-канал «Mikola Dziadok» і яго лагатып, 13 снежня 2023 года — Telegram-канал «Biełaruś Irredenta» і яго лагатып, 19 снежня:

  • Telegram-канал «WARTA — беларускае нацыянальнае медыя»,
  • Facebook-акаўнт «WARTA — Беларускае нацыянальнае медыя»,
  • Інтэрнэт-рэсурс «WARTA — беларускае нацыянальнае медыя»,
  • Youtube-канал «WARTA — беларускае нацыянальнае медыя»,
  • Лагатып Telegram-канала «WARTA — беларускае нацыянальнае медыя», Facebook-акаўнта «WARTA — Беларускае нацыянальнае медыя», Youtube-канала «WARTA — беларускае нацыянальнае медыя».

Таксама экстрэмісцкім прызналі акаўнт «Пагоня Гродна» па рашэнні Ленінскага раёна горада Магілёва ад 12 снежня 2023 года.

Новыя «тэрарысты»

Яшкін Аляксандр Уладзіміравіч і Піскуноў Аляксандр Іванавіч з Гродзенскай вобласці папоўнілі «спіс тэрарыстаў».

Новыя палітвязні

Палітвязнямі прызнаныя:

  • 20 снежня — Таццяна Трафімчык і Кірыл Крошкін з Гродна, Іван Кашко з Ліды,
  • 21 снежня — Аляксандр Пастэрняк з Гродна,
  • 23 снежня — Сяргей Ботвіч, Арцём Янкоўскі, Максім Варнель, Кірыл Мацюта з Гродна.

Затрыманні на лідскім прадпрыемстве

Сілавікі 22 снежня прыйшлі на «Лідахарчканцэнтраты». За распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце яны затрымалі на прадпрыемстве пяць чалавек. Пра гэта яны напісалі ў праўладных Telegram-каналах.

Палітвязня Артура Жвірыдоўскага, які нядаўна адбыў у ПКТ некалькі месяцаў, змясцілі ў ШІЗА

Артур — жыхар Астраўца, прысуджаны да трох гадоў калоніі паводле ч. 1 арт.339 КК «Хуліганства» і арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Яго абвінавацілі ў тым, што ён уначы ў чэрвені 2021 года вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на адной са школ Астраўца, а таксама намаляваў на камені тры бел-чырвона-белыя палосы. Акрамя гэтага, зняў чырвона-зялёны сцяг з будынка адной з дзяржаўных устаноў раённага цэнтра, паведамляе «Вясна».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя бабруйскай калоніі летам змясціла палітвязня ў ПКТ на чатыры месяцы. Нядаўна Артура зноў перавялі ў атрад, але амаль адразу адправілі ў ШІЗА. Паведамляецца, што яго збіраюцца ўтрымліваць у штрафным ізалятары цэлых чатыры месяцы — наўпрост да заканчэння тэрміну. Прычыны спагнанняў невядомыя.

Артур Жвірыдоўскі. Фота: «Вясна»

Палітзняволенага блогера Паўла Вінаградава перавялі на турэмны рэжым на год

Вінаградава перавялі ў турму Гродна. Пра гэта ў Facebook паведаміла ягоная жонка Святлана Вінаградава. Пасяджэнне аб пераводзе прайшоў 6 снежня ў судзе Ваўкавыскага раёна, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Павел Вінаградаў - актывіст і блогер, затрыманы ў канцы 2021 года ў сябе ў прыватным доме ў Беразіно. Паводле арт. 130 КК «Распальванне сацыяльнай варожасці або варажнечы», ч.2 арт. 367 КК «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» асуджаны на пяць гадоў калоніі.

Павел Вінаградаў. Фота: «Белсат»

Затрыманне ў Лідзе

У Лідзе затрымалі інжынера-праграміста. Са слоў хлопца, у 2020 годзе ён выходзіў на мітынгі ў Лідзе і Мінску. Таксама хлопец прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце «План «Перамога».

Затрыманы ў Лідзе. Скрыншот Hrodna.life

У турме Жодзіна, дзе адбывае пакаранне палітвязень Дзяніс Івашын, увялі новыя правілы перапіскі

Згодна з новымі правіламі, у лісце забараняецца дасылаць налепкі, ручкі, стрыжні, раздрукоўкі. Можна дасылаць чыстыя канверты, лісты паперы, фота, паштовыя маркі, чыстыя паштоўкі.

«Мы ня ведаем, ці гэта ініцыятыва жодзінскае вязьніцы, ці цэнтралізаваныя зьмены. Але, відавочна, жыцьцё палітвязьням шчэ болей ускладніць. Цяпер усё тое, што недазволена дасылаць лістамі, можна будзе толькі набыць самастойна (калі ў цябе толькі 1 базавая велічыня на месяц, асабліва не разгонісься набываць асадкі і стрыжні, напрыклад), або атрымаць у пасылцы, якой нашых родных-палітвязьняў часта пазбаўляюць», — пракаментавала жонка палітвязня Вольга Івашына.

Дзяніс Івашын. Фота з архіва Вольгі Івашынай

Асудзілі палітвязня

Аляксандра Пастэрнака з Гродна асудзілі да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкаму фарміраванню і падрыхтоўцы да арганізацыі масавых беспарадкаў. Прычынай сталі каментары. 21 снежня ён прызнаны палітвязнем.

У доме палітыка Аляксандра Мілінкевіча прайшоў ператрус

Дзверы ў доме палітыка Аляксандра Мілінкевіча ў вёсцы Бершты апламбаваныя. Пра прычыну ператрусу і ці заведзеная на яго крымінальная справа, Мілінкевіч не ведае. Сам палітык знаходзіцца за мяжой.

Аляксандр Мілінкевіч. Фота з уласнага архіва палітыка

У Гродне больш за 10 медыкаў аштрафавалі за падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы

Як мінімум 13 медыкаў з Гродна судзілі ў лістападзе за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэнні з’явіліся ў банку судовых рашэнняў. Сярод аштрафаваных — нейрахірург і неанатолаг. Як правіла, медыкаў па арт. 19.11 КаАП штрафавалі на 10−30 базавых велічынь (370−1100 рублёў). У некаторых таксама канфіскавалі тэлефоны.

У Гродзенскай вобласці былых асуджаных усё яшчэ не могуць працаўладкаваць

За студзень-кастрычнік 2023 года ў Гродзенскай вобласці на 2,6% павялічылася колькасць рэцыдываў. Стала больш крадзяжоў і рабаванняў, абароту наркотыкаў і ўхіленняў ад выплаты аліментаў, вымагальніцтваў, прычынення менш цяжкіх і цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Пра гэта расказалі на каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

Сілавікі затрымалі супрацоўнікаў «Гроднажылбуд»

Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні двух супрацоўнікаў прадпрыемства «Гроднажылбуд». Іх затрымалі проста падчас працы. Пакуль вядома пра двух затрыманых. Муляра затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Столяра-станочніка дрэваапрацоўчых станкоў - за падпіскі на экстрэмісцкія каналы.

Затрыманыя на «Гроднажылбуд». Скрыншот Hrodna.life

Апошнія запісы

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024

«Ледзь галаву не адрэзала». Байкеры ў лесе Гродна знайшлі пастку з дроту — у справу ўмяшалася міліцыя

Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…

20 лістапада 2024