Беларускi рэспубліканскi навукова-метадычны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны 18 снежня вырашыў надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці шасці новым аб’ектам. Сярод іх — гістарычны цэнтр Навагрудка XII-XX стагоддзяў.
Гістарычны цэнтр Навагрудка аднеслі да першай катэгорыі помнікаў - гэта значыць, помнік з міжнародным значэннем. Што менавіта ўвайшло ў межы гэтай каштоўнасці, пакуль невядома. Да катэгорыі «1» адносяць найбольш унікальныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, мастацкая, эстэтычная і дакументальная вартасць якіх мае міжнародную цікавасць і ахоўваецца дзяржавай.
Таксама статус гісторыка-культурнай каштоўнасці набыў касцёл святога Лаўрэнція 1913 года пабудовы ва Ушачы (катэгорыя «3» — рэгіянальнае значэнне); капліца святога Яна Хрысціцеля другой паловы XVIII ст. у в. Краснаазёрнае Смаргонскага раёна (катэгорыя «3»); касцёл святога апостала Андрэя 1908−1914 гг. у Лынтупах Пастаўскага раёна (катэгорыя «2» — нацыянальнае значэнне). Сярод нематэрыяльнай спадчыны статус каштоўнасці атрымалі культура беларускай дуды на Гомельшчыне (катэгорыя «Б») і тэхналогія аплятання бяростай ганчарнага посуду ў Віцебскай вобласці (катэгорыя «Б»).
«Цікавая сітуацыя»
Раней статус першай катэгорыі каштоўнасцяў у Навагрудку мелі:
- фрагменты замка,
- курган і помнік Адаму Міцкевічу,
- былая сядзіба Міцкевічаў,
- Фарны касцёл,
- комплекс былога манастыра францысканцаў,
- комплекс Барысаглебскага манастыра,
- Міхайлаўскі касцёл былога дамініканскага манастыра.
Асобныя дамы гістарычнага цэнтра мелі катэгорыю «3», радзей — «2». Паводле беларускіх гісторыкаў, менавіта Навагрудак быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.
«Увогуле цікавая сітуацыя, што, аказваецца, ў краіне яшчэ былі помнікі міжнароднага значэння без дзяржаўнай аховы», — адзначае Telegram-канал «Спадчына».
Статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў першай катэгорыі ў Беларусі маюць 55 аб’ектаў архітэктуры. Сярод іх Брэсцкая крэпасць, гістарычны цэнтр і Стары замак у Гродне, вежавы гадзіннік гродзенскага Фарнага касцёла, Лідскі замак, Верхні замак у Полацку.
Чытайце таксама: У Навагрудку, дзе няма чыгункі, усталявалі помнік паравозу. Тлумачым, адкуль ён там