Будаўніцтва зоны чакання на граніцы з Літвой збіраюцца пачаць у 2024 годзе. Яно пройдзе ў два этапы. Каля пункта пропуску з’явіцца ў тым ліку дзіцячая пляцоўка, пляцоўкі для адпачынку і санітарныя блокі. Ініцыятар работ — «Белмытсэрвіс».
У праекце зоны чакання пункта пропуску «Прывалка» («Райгардас» з літоўскага боку) закладзены:
- будова праездаў, пляцовак, стаянак аўтатранспартных сродкаў;
- арганізацыя сістэмы электроннай чаргі транспартных сродкаў для ўезду ў пункт пропуску;
- добраўпарадкаванне месцаў для камфортнага чакання абслуговага персаналу;
- падвод неабходных інжынерных сетак;
- добраўпарадкаванне тэрыторыі;
- будаўніцтва кальцавой развязкі на прылеглай тэрыторыі.
Участак пад будаўніцтва знаходзіцца на тэрыторыі са спецыяльным рэжымам аховы і выкарыстання (турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал», прыродаахоўныя лясы) і ў ахоўнай зоне гідралагічнага помніка прыроды мясцовага значэння «Крыніца «Райгарад».
Патрабаванні да зон чакання вызначылі год таму. Яны ўступяць у сілу з 15 верасня 2024 года.
Што менавіта будзе ў зоне чакання
Першая чарга будаўніцтва прадугледжвае тэхнічныя рашэнні па падрыхтоўцы ўчастка для будаўніцтва, выдаленне на ім дрэў і кустоў, вертыкальную планіроўку і ўладкаванне праездаў для будаўнічай тэхнікі.
Другая чарга будаўніцтва прадугледжвае арганізацыю зоны чакання для аўтамабіляў і аўтобусаў, платнай стаянкі для легкавых аўтамабіляў, якая будзе ахоўвацца, службовай паркоўкі. Таксама размесцяць аб’екты прыдарожнага сэрвісу, санітарныя блокі, КПП і гараж. З’явяцца дзве артэзіянскія свідравіны для атрымання вады (працоўная і рэзервовая) і станцыі абезжалезвання, пажарныя рэзервуары, ачышчальныя і сажалка-выпарнік.
Паставяць пункт падключэння аўтамабіляў-рэфрэжыратараў на два пасты, зарадную станцыю для двух электрамабіляў, цеплапункт, дызельгенератарную ўстаноўку. Плануюць пабудаваць будынак прыдарожнага сэрвісу, будынак КПП, гараж-стаянку для ўборачнай тэхнікі і два ацяпляныя санітарныя блокі. У санітарным блоку зоны чакання для вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў прадугледжаны душавыя, мужчынскія санвузлы, пральня-прасавальня.
Пасля добраўпарадкавання ўсталююць шэсць інфармацыйных табло, экраны, вонкавую рэкламу. З’явяцца дзіцячая пляцоўка і пляцоўкі для адпачынку. Тэрыторыю абгародзяць.
На скрыжаванні дарогі Р42 Гродна-Гожа-мяжа Літоўскай Рэспублікі і дарогі Н6603 да вёскі Прывалка запраектавалі кальцавое скрыжаванне на адным узроўні. Прыпынак грамадскага транспарту перанясуць далей ад яго. Прадугледжаны пешаходныя дарожкі да прыпынкаў і пераходы. Ад дарогі Н6603 да крыніцы і прыдарожнай кавярні «Родник» будзе праезд шырынёй 6 м.
У будынку прыдарожнага сэрвісу будзе гандлёвая зала з зонай кафэ на 16 пасадачных месцаў, падрыхтоўчы цэх для паўфабрыкатаў, туалеты і душавыя для работнікаў і наведвальнікаў, склад, камора прадуктаў, кабінет загадчыка, гардэроб для работнікаў. У кафэ плануюць прапаноўваць 80 умоўных страў, у зале будзе дзве кавамашыны і мікрахвалёўка.
Можна паўдзельнічаць у абмеркаваннях
Гродзенскі раённы выканаўчы камітэт праводзіць грамадскія абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння будаўніцтва на навакольнае асяроддзе. Заўвагі і прапановы можна выказаць да 5 студзеня 2024 года. Са справаздачай аб АУНА можна азнаёміцца:
- У электронным выглядзе на афіцыйным сайце Гродзенскага райвыканкама ў раздзеле «Грамадскія абмеркаванні».
- У праектнай арганізацыі УП «Гроднажылпраект». Кантактная асоба — галоўны інжынер праекта Іван Курчык, (+375 (29) 752−34−61, [email protected]).
- У заказчыка РУП «Белмытнясэрвіс». Кантактная асоба — намеснік генеральнага дырэктара А.І. Малахаў. (220 036, г. Мінск, вул. Лермантава, 27; +375 17 259 75 03; [email protected]).
Заўвагі і прапановы па справаздачы аб АУНА прымае Гродзенскі райвыканкам (230 029, г. Гродна, вул. Горкага, 51, тэл./факс +375 152 738 922). Кантактная асоба — намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Наталля Сяляўка (+375 152 738 939, [email protected]).
Чытайце таксама: На мяжы з Літвой раварыстаў перасталі пускаць без чаргі. Аднойчы так ужо было