Сучасны горад — гэта не толькі будынкі, дарогі і людзі паміж імі. Горад — гэта вялізная пляцоўка для культурнай разнастайнасці і творчых эксперыментаў. Праявы гэтых эксперыментаў мы бачым, напрыклад, у песнях вулічных музыкаў на Савецкай вуліцы і ў графіці на старых забудовах па вуліцы Лізы Чайкінай. Аднак ёсць у гарадах месцы, дзе можна эксперыментаваць у інстытуцыялізаванай форме — культурніцкія прасторы. Як такія прасторы функцыянуюць, чым яны адрозніваюцца ад класічных устаноў культуры і чаму важна, каб яны былі ў нашых гарадах, паразмаўлялі з менеджаркай Лізаветай Шалай у падкасце «Утульны горад».
Вы можаце праслухаць размову цалкам у аўдыёверсіі або прачытаць ніжэй у скароце асноўныя тэзісы гэтага выпуска падкаста.
У шырокім сэнсе культура — гэта ўсё тое, што створана чалавекам. Значыць і культурніцкімі пляцоўкамі мы можам назваць што заўгодна, што зроблена людзьмі і дзе людзям можна сабрацца. Аднак у культурніцкіх прастор ёсць важная функцыя — магчымасць спажываць культуру і ствараць яе.
Да культурніцкіх прастор можна аднесці класічныя ўстановы: бібліятэкі, музеі, тэатры. Аднак Лізавета Шалай лічыць, што нават гарадскія паркі, дзе збіраюцца людзі пагуляць у шахматы, пабавіць час з дзецьмі, пачытаць кнігі ці заняцца спортам — гэта таксама культурніцкія прасторы, бо гэта ўсё — культура адпачынку.
Ці можна назваць культурніцкімі прасторамі тыя месцы, на фасадзе якіх месціцца шыльда з надпісам «Дзяржаўная ўстанова культуры»? Лізавета лічыць, што культурніцкія прасторы і ўстановы культуры — не тоесныя паняткі.
Прыгадаем гісторыю легендарных «ДК», ці цэнтраў культуры, як называюць іх зараз у Беларусі. У 1890-х гадах у гарадах Расійскай Імперыі з’явіліся продкі сучасных цэнтраў культуры — Народныя дамы. Там звычайна месціліся бібліятэка з чытальняй, тэатральна-лекцыйная зала, нядзельная школа, чайная і кнігарня. Народныя дамы стваралі на сродкі земстваў ці гарадскога самакіравання, або на грошы мецэнатаў.
У новаўтворанай савецкай краіне з 1920 года Народныя дамы пачалі ператвараць у працоўныя клубы і дамы культуры. Функцыя такіх устаноў была не ў тым, каб наведвальнікі і наведвальніцы займаліся там самавыражэннем. Улады хацелі несці ў масы культуру, але культуру, якая адпавядала б савецкай ідэалогіі.
У сучаснай Беларусі ўстановы культуры з большага выглядаюць тым жа чынам. «Зверху» даводзяцца планы мерапрыемстваў, якія трэба арганізоўваць, каб даносіць тую самую «правільную ідэалогію». Аднак час прымушае нават такія аўтарытарныя іерархізаваныя арганізацыі станавіцца больш гнуткімі: інакш людзі лепей пабавяць час у тэлефонах, чым пойдуць на тыя мерапрыемствы.
Чытайце таксама:
Беларускія музеі, бібліятэкі і тэатры з розным поспехам намагаюцца больш уключаць аўдыторыю: вядуць сацыяльныя сеткі, дзе падтрымліваюць кантакт з наведвальнікамі і наведвальніцамі, прыдумляюць інтэрактыўныя імпрэзы, робяць майстар-класы замест класічных лекцый ці доўгіх экскурсій. Змяніць натуральны рух часу можа толькі канчатковае ператварэнне дзяржавы ў закрытую таталітарную сістэму: калі не застанецца іншых шляхоў да творчасці і адпачынку, людзям давядзецца бавіць час нават у такім ідэалагічна афарбаваным асяроддзі.
Аднак пакуль захоўваюцца недзяржаўныя культурныя пляцоўкі, выставачныя галерэі і прыватныя мастацкія ініцыятывы, вакол іх фармуюцца супольнасці. Людзей аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы і каштоўнасці, а разам з аднадумцамі лагічна і проста змяняць асяроддзе навокал.
Арганізаваныя супольнасці пачынаюць задумвацца, напрыклад, каму належыць тэрыторыя вакол іх улюбёнай культурніцкай прасторы. Ці нельга яе таксама ўжываць для сваіх творчых мэтаў? Як трэба яе ўладкаваць, і з кім пра гэта дамаўляцца?
Са з’яўленнем культурных пляцовак горад пакрысе змяняецца: у гараджан і гараджанак з’яўляюцца новыя сацыяльныя сувязі, а вакол саміх пляцовак — «акультураная» гарадская прастора. Суполкі, якія сфармаваліся вакол культурніцкіх прастор, пачынаюць арганізоўваць гарадскія фестывалі, канцэрты ды выставы.
У выніку, усім гараджанам і гараджанкам становіцца весялей жыць, бо з’яўляецца больш прапаноў для якаснага адпачынку, а гарадскі бюджэт напаўняецца ад новай эканамічнай актыўнасці.
На вуліцы Савецкай у Гродне на месцы "Дзіцячага свету" адкрылі бар "На Луне". Мяркуючы па…
"Гродна. Турыстычная карта для гасцей горада" выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на…
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…