Навіны

Фельчары хуткай дапамогі ў Беларусі ўжо год носяць камеры: калі яны могуць і нават абавязаны здымаць без дазволу пацыента?

Год таму на брыгады хуткай дапамогі ў Гродне і па ўсёй Беларусі павесілі відэарэгістратары. Пастанову выдала Міністэрства аховы здароўя — і з 15 снежня 2022 года медыкі павінны насіць тэхніку заўсёды ўключанай. Навошта гэта зрабілі і як гэта працуе — у Гродне падвялі вынікі праз год.

З аднаго боку — абараніць медыкаў, з другога — больш іх кантраляваць

— Галоўная мэта — выключыць супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў хуткай дапамогі. На жаль, ёсць шмат фактаў грубага стаўлення і нават нанясення цялесных пашкоджанняў медыцынскім работнікам. Многія застаюцца нераскрытымі, і вінаватыя не нясуць ніякага пакарання. Немалаважнай прычынай для выкарыстання сродкаў відэафіксацыі стала неабходнасць доказу якаснага аказання дапамогі пацыентам, а таксама хуткага рэагавання на выклік, — расказаў «Гродзенскай праўдзе» Аляксандр Байгін, галоўны лекар Гродзенскай абласной станцыі хуткай медыцынскай дапамогі.

Акрамя таго, з дапамогай запісу відэа і аўдыё можна кантраляваць, як працуюць брыгады: ці дапускаюць парушэнні, наколькі якасна аказваюць дапамогу.

Усіх супрацоўнікаў хуткай медыцынскай дапамогі папярэдзілі аб адказнасці за распаўсюджванне чужых персанальных звестак. Да іх адносяцца і запісы з відэарэгістратараў. З 2021 года, калі набыў моц закон «Аб абароне персанальных дадзеных», за гэта можа быць дысцыплінарная, адміністрацыйная і нават крымінальная адказнасць.

Відэарэгістратары хуткай дапамогі ўключаны заўсёды? Ёсць нюанс

Год таму былы супрацоўнік гродзенскай «хуткай» Фёдар Астаповіч расказваў, што відэарэгістратары фельчарам давядзецца насіць заўсёды ўключанымі. Аб гэтым было напісана ў інструкцыі, фота якой ён публікаваў.

«Аргументавана гэта тым, каб прыбраць моманты агрэсіі пацыента на выкліках пры аказанні меддапамогі, каб было відэапацвярджэнне. Як па мне, гэта люцейшая дзіч і гестапа поўнае. Таму што цяпер начальства можа паглядзець відэазапіс, ацаніць тваю працу, паслухаць, пра што ты „базарыў“ увесь час. І гэта ГУЛАГ», — дзяліўся тады меркаваннем Фёдар.

Цяпер «Гродзенская праўда» піша, што весці відэа- ці аўдыёзапіс дома медработнікі могуць, толькі калі атрымаюць дазвол. Але ёсць нюанс: прадугледжаны выпадкі, калі здымаць можна, нават калі пацыенты не згодны.

— […] калі, прыязджаючы на ​​выклік, медыкі сустракаюцца з агрэсіяй у свой бок, грубіянствам і абразамі, то яны маюць права пачаць здымку без дазволу пацыента. Акрамя таго, пры аказанні дапамогі ў грамадскім месцы, напрыклад, пры дарожна-транспартным здарэнні, лекары абавязаныя весці запіс, — растлумачыў галоўны лекар Аляксандр Байгін.

Фельчар Лаліта Нікалаева расказвае, што часцей за ўсё ўключаюць камеру, калі пацыент адмаўляецца ад неабходнай шпіталізацыі, медыцынскай дапамогі, у тым ліку ад увядзення лекаў, пры гэтым не хоча пісаць адмову ад рукі. Іншая прычына весці запіс — канфліктныя сітуацыі і агрэсія з боку пацыентаў ці іншых прысутных.

Колькі ў Гродне брыгад хуткай дапамогі

У Гродзенскай абласной станцыі хуткай дапамогі па стане на снежань 2023 года працуюць 34 выязныя брыгады. Сярод іх: фельчарскія, рэанімацыйныя, педыятрычныя, брыгады інтэнсіўнай тэрапіі і адна псіхіятрычная брыгада. Яны абслугоўваюць Гродна і Гродзенскі раён. Кожны дзень у хуткую дапамогу звяртаецца каля 400 чалавек. Медыкі выязджаюць на больш за 300 выклікаў.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024

«Ледзь галаву не адрэзала». Байкеры ў лесе Гродна знайшлі пастку з дроту — у справу ўмяшалася міліцыя

Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…

20 лістапада 2024