Намеснік кіраўніка Шчучынскага РАУС падпалкоўнік Сяргей Асавік памёр на працоўным месцы. Пра гэтага стала вядома 29 лістапада 2023 года, паведаміла «Еўрарадыё». Інфармацыю пацвердзілі Zerkalo.io у самім РАУС.

У Шчучыне на працоўным месцы памёр міліцэйскі начальнік. Што пра гэта вядома?
Сяргей Асавік крайні злева. Крыніца: dzyannica.by

Вядома, што Асавіку стала кепска на працоўным месцы. Лекары хуткай дапамогі не змаглі яго выратаваць. Пахаванне міліцыянта адбудзецца 30 лістапада 2023 года.

Што вядома пра падпалкоўніка

Сяргею Асавіку было 42 гады. У Шчучынскім РАУС ён працаваў намеснікам начальніка аддзела — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі. Да гэтага, як мінімум з 2013 года, у гэтым жа РАУС ён узначальваў аддзел аховы правапарадку. Сваю кар’еру пачынаў участковым ў Орлеўскім сельсавеце Шчучынскага раёна.


У час прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Асавік здымаў мітынг Святланы Ціханоўскай у Шчучыне. У жніўні 2020 года, пасля прэзідэнцкіх выбараў, падпалкоўнік выклікаў на пратэстоўцаў супрацоўнікаў АМАП.

Удава Асавіка — сястра міністра

Удава Сяргея Асавіка Наталля — малодшая сястра міністра культуры Беларусі і экс-памочніка Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці Анатоля Маркевіча, пісала «Наша Ніва» у 2020 годзе. Тады жанчына працавала галоўным спецыялістам упраўлення эканомікі Шчучынскага райвыканкама.