Мясцовыя ўлады плануюць распрацаваць праект зон аховы на будынак былога бровара, прызнанага гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Ён размешчаны ў Карэлічах Гродзенскай вобласці на вул. Фаменкі, 5б.
Цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Карэліцкага раёна праводзіць закупку з адной крыніцы. На гэта з раённага бюджэту выдаткуюць 3000 рублёў. Работы правядуць з 27 лістапада па 22 снежня 2023 года.
Згодна з тэхзаданнем, трэба стварыць гістарычную даведку, гісторыка-архітэктурны апорны план, ландшафтны аналіз і фотафіксацыю гісторыка-культурнай каштоўнасці і прылеглай тэрыторыі.
Распрацаваны праект павінен быць узгоднены і зарэгістраваны ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.
У канцы 2022 года на будынак былога бровара ў Карэлічах склалі гістарычную даведку і распрацавалі праграмы па кансервацыі і супрацьаварыйным мерапрыемствам.
Бровар — пабудова 1858 года з цэглы і бутавага каменя — прызнана гістарычнай спадчынай. Яшчэ 15 гадоў таму ля будынка быў дах і мансарда, цяпер — не.