Навіны

«Палітыка ранейшая — поўная дэнацыяналізацыя». У Астраўцы гараджане выказаліся супраць новых назваў вуліц

Раённыя ўлады ў Астраўцы вырашылі даць назвы праектаваным вуліцам і праездам у раёнах сядзібнай і шматкватэрнай забудовы ў цэнтры Астраўца. Гараджан заклікаюць выказацца з гэтай нагоды, але тыя нават стварылі петыцыю супраць прапанаваных назваў. Што з імі не так?

Прапанаваныя райвыканкамам назвы — вуліцы Народная, Жураўліная, Добрая, Сямейная, Салаўіная, Ясная, Дружбы, Мірная, 9 мая, 17 верасня і нават Мінская.

Райвыканкам прапануе больш падрабязна азнаёміцца ​​з пытаннем да 14 снежня. Меркаванні грамадзян наконт назваў вуліц у пісьмовай форме збіраюць на афіцыйны адрас установы (Астравец, вул. Кастрычніцкая, 8) і на электронную пошту arhit-ostrovec@mail.ru.

Грамадзяне абурыліся

Гараджан абурыла бессэнсоўнасць прапанаваных назваў вуліц Астраўца і яны вырашылі звярнуцца да ўладаў калектыўна.

«Прапанаваныя да прысваення назвы настолькі абстрактныя, што не нясуць у сабе аніякага сэнсу. У гэты час неўшанаванымі застаюцца імёны выдатных беларусаў, жыхароў Астравеччыны, чыя дзейнасць на карысць грамадства мусіць быць прыкладам для ўсіх», — пішуць стваральнікі петыцыі.

Якія назвы хочуць бачыць жыхары?

Аўтары пералічылі асоб, звязаных з краем, і якіх, на іх думку, варта ўшанаваць у гарадской тапаніміцы:

  • Альбін Стаповіч — паэт, публіцыст і музыка;
  • Янка Быліна — паэт, драматург і святар з вёскі Лакцяны;
  • Мар’ян Богуш-Шышка — мастак з Трокенікаў;
  • Іосіф Гашкевіч — вучоны-мовазнаўца, даследчык Японіі і Кітая, які правёў апошнія гады свайго жыцця ў Малях;
  • Леў Дабжынскі — мастак, пахаваны ў вёсцы Лоша ў 1938 годзе;
  • Казімір Сваяк — грамадска-палітычны дзеяч, паэт, драматург, публіцыст, літаратуразнавец, каталіцкі святар, які нарадзіўся ў вёсцы Барані.

«Пакуль гэтыя асобы не ўшанаваны, не зразумела, як гаворка можа ісці пра ўшанаванне салаўёў і жураўлёў - які прыклад яны падаюць, які нацыянальны гонар яны абуджаюць у жыхароў горада? Ніякі», — падводзяць выснову ў петыцыі.

«Палітыка ранейшая — поўная дэнацыяналізацыя», — пракаментавалі называнне ў канале «Спадчына».

На момант публікацыі гэтага тэксту петыцыю падпісала 28 чалавек. Подпісы збіраюць да 23 лістапада. Пасля яе скіруюць у Астравецкі райвыканкам.

Вайна назваў у Астраўцы

У Астраўцы не ўпершыню спрабуюць ушанаваць славутых землякоў. У чэрвені 2022 года ў Астравецкі райвыканкам паступаў зварот членаў грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд культуры» аб увекавечанні памяці літаратуразнаўца і гісторыка Адама Мальдзіса, які нарадзіўся ў Астравецкім раёне. 24 чэрвеня 2022 года выйшла рашэнне Астравецкага райвыканкама № 461 «Аб перайменаванні дзяржаўнай установы культуры «Астравецкая раённая бібліятэка».

У ліпені 2022 праўладная і прарасійская актывістка Вольга Бондарава з гэтай нагоды абурылася і звярнулася ў Гродзенскі аблвыканкам. Спачатку там паведамілі, што адмяняць рашэнне аб перайменаванні не плануюць. Але пазней аргументы Вольгі пра «прапольскага дзеяча» і «махровага нацыяналіста» прынялі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскі «Кронан Парк Гатэль» прызналі найлепшым гатэлем ў краінах СНД

Гатэль «Кронон Парк Гатэль», размешчаны ў лесапарку Пышкі ў Гродне, атрымаў прэмію Travel Time Awards…

7 красавіка 2025

У Беларусі рэзкі рост пазбаўлення бацькоўскіх правоў — дасягнулі «рэкорду» за апошнія 9 гадоў

У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць…

7 красавіка 2025

Гродзенец набіў татуіроўку ў памяць рэпера Пашы Тэхніка

Жыхар Гродна набіў на шчыкалатцы татуіроўку з выявай расійскага рэпера Пашы Тэхніка і подпісам “Досвидания”.…

7 красавіка 2025

Нерухомасць тыдня: на Дзевятоўцы прадаюць кватэру з чарапашкамі-ніндзя і аб’ёмнай картай свету на сцяне

На сёмым паверсе дома па вуліцы Ліможа, 48Б выстаўлена на продаж трохпакаёвая кватэра плошчай 74,8…

4 красавіка 2025

Лакацыі паводле фільмаў пра вайну, парад і ўзяцце Тэкстыльшчыкаў замест Рэйхстага. Што плануюць у Гродне на 9 траўня?

У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб'яднаюць пад канцэпцыяй…

4 красавіка 2025

У Гродне падаражэў праезд у гарадскім транспарце — і на прыгарадных маршрутах

З 5 красавіка ў Гродне талоны на праезд у гарадскім грамадскім транспарце даражэюць на 10…

4 красавіка 2025