Міжнародную грамадскую арганізацыю «Клуб «Гервечай» ліквідуюць праз Гродзенскі абласны суд. Пасяджэнне запланавана на 23 лістапада. Арганізацыя прапрацавала амаль 30 гадоў і развівала супрацоўніцтва Літвы і Беларусі. Яна «падтрымлівала курс кіраўніцтва» Беларусі.
UPD 13 снежня. Міжнародную грамадскую арганізацыю «Клуб «Гервечай» ліквідавалі 23 лістапада ў Гродзенскім абласным судзе. Прадстаўнікі арганізацыі на судовае пасяджэнне не з’явіліся. Аб’яднанне ліквідавалі з-за непрадстаўлення ім на працягу трох гадоў запар ва ўстаноўлены тэрмін звестак, прадугледжаных абз. 5−10 ч. 6 арт. 20 законам «Аб грамадскіх аб’яднаннях»: інфармацыю аб сябрах, дзейнасці, мерапрыемствах. Такое рашэнне з’явілася ў банку судовых рашэнняў.
Ісцец — Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Суддзя — Юрый Карэцкі.
Арганізацыя зарэгістраваная ў 1994 годзе ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёна. Гэта адна з літоўскіх арганізацый — раней іх было шэсць. Раней арганізацыя арганізоўвала мерапрыемствы разам з Астравецкім райвыканкамам і Пасольствам Літвы ў Беларусі, дапамагала выдаваць кнігі. Старшыня абшчыны — Аўгуліс Альфонсас Стасіа.
У арганізацыі было 394 членаў. Мэты арганізацыі - супрацоўніцтва і ўмацаванне даверу і ўзаемаразумення паміж народамі Беларусі і Літвы, захаванне гістарычнай памяці і культуры. Яны адзначылі, што арганізацыя «падтрымлівае курс, які праводзіцца кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь».
Таксама ў Рымдзюнах была школа з літоўскай мовай навучання. Яе пабудавалі за кошт Літвы ў 1996 годзе. У 2022 годзе школу русіфікавалі — рашэнне прынята ў сувязі з навінамі ў Кодэксе аб адукацыі. Усяго, паводле апошніх звестак, у Астравецкім раёне пражывае каля 750 прадстаўнікоў літоўскай нацыянальнасці.
Таксама раней ліквідавалі грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Гімціне».