У Гродне скончыўся конкурс ідэй для добраўпарадкавання набярэжнай Нёмана. Гродзенцы прыслалі 23 ідэі свайго бачання абноўленай нябярэжнай. Некаторыя варыянты паказаў тэлеканал «Беларусь 4 Гродна».
Паводле плана, добраўпарадкаваць плануюць два берагі Нёмана. Правы — ад Новага моста да чыгуначнага моста — 2,5 км. Левы — ад порта да Старога моста — больш за 500 м.
Тры самыя папулярныя ідэі агучыла кіраўніца ўпраўлення тэрытарыяльнай планіроўкі, горадабудаўніцтва і архітэктуры Гродзенскага аблвыканкама Ганна Кароза:
- экасцежка, якая аб’ядноўвае бераг, ваду і выспу;
- арганізацыя пешаходнага моста праз Нёман, каб звязаць два берагі;
- стварэнне амфітэатра.
Таксама сярод ідэй былі прапановы стварыць рачны трамвай альбо гульнявы замак на выспе каля Новага моста.
Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду
Конкурс адбываўся з 15 верасня па 1 лістапада 2023 года. Пераможцам абяцаюць грашовыя ўзнагародны: за першае месца грамадзяне змогуць атрымаць 6 000 рублёў, студэнты і навучэнцы — 7 000 рублёў, а праектыроўшчыкі, архітэктары, дызайнеры — 9 000 рублёў.
Што з набярэжнай зараз?
Telegram-канал Urban Hrodna вылучыў найбольш актуальныя праблемы:
- практычна няма лавачак, каб адпачыць;
- няма зручных спускаў да вады;
- тусавацца на набярэжную прыязджаюць (гараджанам гэта важна!), але на машынах, гэта робіць прастору небяспечнай;
- летам няма ценю;
- нявыкарыстаныя схілы. Там можна было б зрабіць тэрасныя спускі з лавачкамі, ландшафтныя кампазіцыі з раслін, летнія сцэны і шмат чаго яшчэ;
- няма грамадскіх прыбіральняў;
- не вылучаны веладарожкі;
- мог бы быць фудкорт, але яго няма;
- частка набярэжнай на вул. Рыбацкай наогул ніяк не ўладкована нават для людзей, што там жывуць — пабіты асфальт, ямы, пыл.
Частку набярэжнай у рамках свайго праекта плануюць уладкаваць новыя ўладальнікі піўзавода. Тэрыторыя не будзе агароджана, як зараз, будзе спуск да ракі.
Праект быў - грошай не было
Праект добраўпарадкавання набярэжнай ад вусця Гараднічанкі да Новага моста даўно распрацаваны ў інстытуце «Гроднаграмадзянпраект», пісаў у лісце да Hrodna.life архітэктар Аляксандр Штэн у 2019 годзе. Адна з прычын, чаму ён не рэалізаваны — у бюджэте няма для гэтага грошай.
Чытайце таксама: Грамадскія грылі, выхад да ракі, няма машын: гродзенец прыдумаў, як ажывіць набярэжную Нёмана